epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Без ружовых акуляраў

Па тэліку сачу, як хвалі словаблудства

Захлістваюць ахвяр блакітнага экрана,

Як пустазелле слоў дае усходы густа,

Як шчодра сыплюць соль лухты на нашы

раны...

 

Вось нейкі «ліберал» раве на ўсю краіну,

Што ў рукі ўзяць гатоў дзяржаўную абузу,

Што вывядзе народ на тую каляіну,

Дзе запануе лад найноўшых Сіракузаў!1

 

І хоць у адрас наш ён цяўкае здалёку,

Губерняю сваёй назваў нас урачыста,

І хоць у паддаўкі гуляць мы ўмеем

лоўка,—

Ёсць у руках мятла, каб двор падмесці

чыста,

Тым больш што вопыт ёсць даваць пад зад

фашыстам...

Крутну на свой канал — і тут траскучы

«форум»,

Гадоўлі ўласнай тут бушуюць цыцэроны;

І свой клікуша ёсць, што дасць любому

фору,

Дарвацца б напралом хутчэй да мікрафона!

 

Усіх і ўсё такі прамоўца можа збэсціць,

Вароты ўсім гатоў абпэцкаць каланіцай,

Да крызу ці інфаркту можа вас давесці,

Да «хуткай дапамогі», ложка у бальніцы.

 

Узяўшы напракат і лексікон і мову —

Аб’едкі са стала старэйшага сабрата,

Плюе радзіме ў твар паклёпу брудным словам,

Хоць ведае: чыжу не быць арлом крылатым!

 

Такі змахлярыць рад любую падтасоўку,

Дзе ісціны зярнятка й блізка не начуе,

Скажу такому словам класіка: салоўка,

Стук капытоў тваіх я вельмі добра чую!

 

А хор, што кліча зноў у рай камуністычны,

Абрыдлы, як калісь уцёсаўскія песні?!

З бязладдзем тым хоць май ты голас

самы зычны,

Не справіцца ніхто, хоць лопні ты,

оць трэсні!

 

Спытаць хачу: няўжо не збляк той колер мары,

Што так квяціста ўдоўж і ўшыркі

быў разросся?

Не, кажуць, тых ружовых акуляраў

Ужо даўно не носім мы на пераноссі!

 

Быць можа, мне ў маім павелічальным шкельцы

Усё ў святле скажоным бачыцца занадта?

Не, як відаць, даўно нам свой патрэбен Ельцын,

Хоць пажадана ўсё ж без музыкі гарматнай...

 

Мы ж ачмурэлі ўшчэнт ад тых «альтэрнатываў»,

«Кансенсусаў», «стагнацый», а найбольш

«інфляцый»!

А ўжо на падыходзе й «ваўчар» чэша грыву,

Ды і «рубель» вось-вось прышчэміць нешта

«зайцу»!

 

Піліпаўка. Штоноч спраўляюць цэны гульбы...

Скажыце, хто пад зад падклаў нам тую міну,

Што даражэй за хлеб надзённы стала бульба?

І гэта у спрадвеку бульбяной краіне!

 

Што ж думае народ? Народ маўчыць сурова,

Паглядвае на йгрышча тое нетаропка...

А прыйдзе час — ён цвёрда скажа сваё слова,

Паставіўшы на ўсім, і канчаткова, кропку!

 

1993

1 Сіракузы — старажытны горад-дзяржава, дзе яшчэ задоўга да нашай эры існавала рабаўласніцкая дэмакратыя.


1993