epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Бранзалет

На вуліцы Мацвееўскай жыла-была дзяўчынка,

Дзяўчынка-тапалінка ў кароткім кажушку.

Хадзіла ў белых боціках, пад белаю хусцінкай.

Сасваталі дзяўчынку старому капшуку.

 

Не камень сэрца юнае. Залётнік закаханы

Пілюлю тую горкую зажураны скаўтаў.

Гады сплылі паводкаю, пранесліся ўраганам.

Дзяўчына стала бабкаю. Залётнік дзедам стаў.

 

Сустрэліся. Згадалі каханне сваё першае.

(Жыццё з нямілым — пекла. Не міл з нямілай свет.)

І разышліся. Крута жыццё бядой замешана.

 

Не часта удаецца пражыць яго як след!

...І сніцца той бабулі, ўспамінамі усцешанай,

Нядораны гранатавы чароўны бранзалет.