epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Брыгадзір

Дзень дагарае ціха й нетаропка,

Ляціць зямля ў чарговым віражы.

Мой брыгадзір даўно ляжыць пад сопкай,

Той, хто вучыў майстэрству працай жыць.

 

Я хваткай тою авалодаў хвацка,

Аддаўшы спрыт кайлу і малатку,

А заадно й гады свайго юнацтва,

А сталасць — службе вернаму радку.

 

Мы ўсе прыйшлі на гэту цвердзь зямную

Сцвярджаць правы на працу, шчасце, мір,

Каб ношу адкрывальнікаў цяжкую

 

Пранесці праз пустэчы, твань і жвір.

Таму й хаваю ў сэрцы веру тую,

Што завяшчаў мне мудры брыгадзір.