epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Бурхала

Па-якуцку Бурхала — шпаркая рака.

Мітусіцца паміж гор срэбраны рукаў...

 

А над ёй вясна ідзе подыхам вятроў,

А за ёй тайга гарыць полымем кастроў.

 

Над далінай па начах — камарыны звон,

А за ёй гара Марджот, дальні Оймякон.

 

Па-над прыіскам плыве дымчатая ноч.

Заглядаўся часта я ў залатое дно.

 

Думаў, шчасце я сваё на тым дне знайду,

Смагай змучаны я піў той ракі ваду.

 

Ў грудзі сланцавых парод прасякаў забой,

Клаў у скважын жарало агнявы набой.

 

У правалы, пад зямлю, у глыбокі карст

Апускаўся, каб знайсці багацейшы скарб.

 

Ды знайшоў яго не там, дзе даўно шукаў:

Каля рэчкі Бурхалы я цябе спаткаў.

 

Кроў у жылах — не вада, сэрца — не скала,

Да яго патайны ход ты сама знайшла.

 

З той пары згубіў спакой ды зазнаў бяды

Каля вышак буравых майстра малады.

 

Паміж скал крутых блішчыць срэбраны

рукаў,—

Па каменьчыках звініць Бурхала-рака...

 

1953


1953