epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Час

Даруй мне, час, за слоў просталінейнасць

На ўяўнай злосці шал не наракай!

Не, выгінастай рыссю духу ленасць

Мяне не цікавала спадцішка!

 

Я ведаю: і рух жыцця, і тленнасць —

Усё ў тваіх упэўненых руках.

Ты нас вучыў не прыгінаць каленяў,

Калі прыйшлося ў поцемках блукаць.

 

Табе я з дзён маленства падначален,

І вось па бурным рэчышчы плыву

Да самага канечнага прычалу.

 

Але і там цябе я пазаву

Сказаць: хоць нас на вернасць не вянчалі,

Я сувязей з табой не разарву!