epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Час ідзе...

Заўважаю з сумам:

Час праходзіць —

Дзень за днём плыве

Да сініх берагоў.

І ніхто не скажа:

Стой!

Спыніся!

Годзе!

Ціха. Даль спавіта

Белаю смугой...

 

Гляну я навокал

Зрокам ясным:

Нерухома спіць

Скаваная Дзвіна.

Дзе той міг чароўны,

Дзе той момант шчасны? —

У бяздонні часу

Не прыкмеціш дна.

 

На душы і радасна, і дзіўна.

Па крутому насту

Добра йсці нагам.

Не шумяць прасторы,

Не пяе Наддзвінне.

Белыя дарогі.

Іскаркі ў снягах...

 

Ёсць такое слова дарагое,

Я яго глыбока ў сэрцы захаваў.

І нясу праз час,

Авеяны смугою,

На парог вясны,

Дзе свеціць сонца ў твар.

 

Мне яго сказала палачанка,

Калі май шумеў

У квецені садоў,

Тонкімі брывамі,

Чорнымі вачамі,

Апаліўшы сэрца,

Абудзіўшы кроў.

 

Дзе яна?

Чакаю — можа, прыйдзе?

Можа, я прыдумаў

Чараўніцу сам?!

Хай не знацца з ёю

Ні бядзе, ні крыўдзе,

Хай не звяне ўвосень

Майская краса.

 

Небакрай знікае

Ў сівым дыме,

Змрок на снег кладзе

Падсінены сувой...

Краю мой бялявы,

Краю мой любімы,

З сіняю істужкай

Прыдарожных хвой!..

 

Неяк на душы

І радасна, і дзіўна.

Цені адвячорка

Некуды сплылі.

Мякка час ідзе

Па свету,

Па Наддзвінню,

А зямля

Снягамі белымі пыліць...

 

1926


1926