epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Час

Не капа снапоў —

Гадоў капа.

І з сабой

застаўшыся

Сам-насам,

Адкажы:

Знайшоў ты,

Што шукаў?

Ці заўсёды

Паспяваў

за часам?

 

Ці заўсёды

Быў на вышыні,

Скуль лягчэй

Таго, хто ўнізе.

Спляміць?

Не трывож душы,

З вачэй гані

Пошасць крыўды,

Ўзрушаная памяць!

 

Зберажы адно,

Што нёс праз лёс,

Праз хрыбты вышынь,

Прадонні, рэкі:

Шчырасць сэрца,

Веры чысты плёс

І яшчэ —

Аблічча чалавека.

 

Месяц люты —

Месяц завірух.

Першы дзень яго —

Тваё з’яўленне.

Мо таму і сівер —

Лепшы друг,

Памагаты ўсіх зямных імкненняў?!

 

Не ўвабрала памяць

Фарбы лет,

Бо прыпала перавага зімам.

Між завей

Хутчэй знаходзіў след,

Чым паміж пялёсткаў,

Да любімай.

 

Мора часу —

З кропелек-хвілін.

У адной з тых кропель —

Атам шчасця.

Паспрабуй знайдзі,

Калі прыліў

Распачне

Ўзбярэжнай галькай шастаць?!

 

Ты ж знайшоў.

Бо ўзяў не напавер

Песню тую,

Што й дасюль не спета,

Ні радком,

Што лёг у першы верш,

Ні страфой апошняга санета.

 

Не саліст,

Не «свіст»,

Не вакаліст,

Гучнатрубны,

Ў салаўіным садзе,—

Нёс ты песню,

Як чырвоны ліст,

Што трымціць дрыготка

Ў лістападзе.

 

Строй радкоў

На лінію агню

Ты вадзіў з сябрамі

Ў год трыццаты

Штурмаваць такую вышыню,

Што падчас

Займала дух зацята!

 

З імі разам

Гнаў ты музу ў цэх,

Сокамі зямлі

Паіў у лузе;

Слоў пялёсткі,

Як ружовы снег,

На дарожку сыпаў

Добрай музе.

 

«Дзе вы, другі,—

Клічаш,—

Дзе, браты?

Аднадумцы

Тых гадоў далёкіх?»

Мо й табе

Да канцавой вярсты

Час адмераў скупа

Жменьку крокаў?

 

Так ці йначай

Прысягаў: «Люблю!»,

Хоць не быў

Залётнікам ці фатам.

Скаланалі ў тыя дні зямлю

Навальніц далёкія раскаты.

 

З імі ў такт

Грымелі цягнікі,

На паўночны ўсход

Кацілі колы.

З церняў плёў

Дваццаты век вянкі

Тым,

Хто больш не вернецца ніколі!

 

Ты ж застаўся

Да канца ў страі,

Плоць ад плоці

Сын зямлі бацькоўскай,

Каб вярнуцца ў сад,

Дзе салаўі

Вучаць песням

Юных падгалоскаў.

 

І хоць сцюжай

Доўга быў прыкут

Да зямлянкі мёрзлай,

Да барака,

Музу ўсё ж

Трымаў на ланцужку,

Хоць, вядома,

Муза — не сабака.

 

Хай слухмянай

Будзе й надалей!

Ўсё ж

Неразмалёваная краля!

Людзям ад паэзіі цяплей,

У паходзе,

Ў працы,

На прывале.

 

Людзям

Ад паэзіі святлей —

Прэч збягае

Адзіноцтва прывід.

Родных слоў

Струмень празрысты лье

Голас песні,

Што душой не крывіць!

 

Несучы яго

Насустрач дню,

Хоць ты сам

Даўно ўжо не язычнік,

Пакланяйся век

Таму агню,

Што навечна распаліў

Кастрычнік!

 

1966


1966