epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Хараство

Блакітнай хвалі несціханы бег

На берагі ў смарагдавай аправе...

Нарач! Сэрца я прынёс табе,

Валодаць ім — тваё сягоння права!

 

Па-над абрывам схіленай вярбе

Штось шэпчуць сарамлівыя купавы,

Вяслом кранае воблака грабец,

Глядзі: кране і сонца неўзабаве!

 

Я ўпершыню вітаюся з табой,

Я першы раз красы твае прыгубіў,

Суняўшы сэрца гулкі перабой!

 

І я дзіўлюся, як у вечным шлюбе

Пясчаных берагоў сухія губы

Цалуе хваляў ранішні прыбой...