epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Цень вавілонскае вежы

Хорошо языком иностранным немножко владеть.

Я владея чуть-чуть, до чего хорошо помолчать,

Помолчать, повертеть запотевшую рюмку в руке,

Потому что молчим мы как раз на одном языке.

 

А. Кушнер

Добра вырасціць сад,

назіраць, як зялёныя лапы

Гнуцца долу,

сагрэтыя сонечным восеньскім днём,

Ад даспелых антонавак,

райкі, каштэлі, сінапа...

Добра госця сустрэць

маладым залацістым віном!

 

Быў з Амерыкі госць —

аднакашнік калымскі калішні,

Быў з Бруселя юнак-практыкант,

адным словам, студэнт.

Госць у нас, беларусаў, як кажуць,

ніколі не лішні,

Хоць не водзіцца ў нас

ні той фунт, ні той франк, ні той цэнт.

 

Шчабятала дачка

па-англійску з Масеем Сяднёвым,

Я ж на мове сваёй беларускай

як рыба маўчаў,

А тым больш што сядзеў

за сталом трэці госць ганаровы,

Пракурор у мінулым,

што ўсіх як шкалят павучаў...

 

У Нью-Йоркскай глушы

не згубіў госць мой матчыну мову;

Там — шматмоўе,

кангрэс жа гаворыць на мове адной,

Толькі ў нашым кангрэсе,

між іншым, з усіх адмысловым,

На чужой мы гаворым,

маўчым жа на мове сваёй!

 

А студэнцік,

каб лепш размаўляць навучыцца

па-руску,

Быў запрошаны ў Мінск —

рускамоўны раён-рэгіён!

(Што спадар, значыць, я,

меў за мову дзесятку кутузкі,

Ні бум-лазара ведаць не мог

недасведчаны ён!)

 

Як гаворыць біблейскі сюжэт,

вавілонскую вежу

Брат старэйшы ляпіў,

каб гучала гаворка адна.

Ён старанна заворваў этнічныя моўныя межы,

Скуль чароўная здань камунізму

найлепей відна.

 

Што ж дзівіцца з таго,

што не ў часе біблейскім, а сёння

На народ, мой упаў

вежы той надакучлівы цень;

Што ж здзіўляцца,

калі адшчапенцу ў чужацкіх далонях

Некаторыя рэчы здаюцца намнога таўсцей!

 

Вось таму і сінкліт наш

вядзецца на мове не роднай.

Нігілізм! — так гавораць вучоныя нашы мужы.

Чый жа хлеб на стале

у абраннікаў нашых народных,

Што за мову чужую сапуць,

паднапяўшы гужы?!

 

Сёе-тое паклаў бы

на тых нігілістаў ці здрайцаў,

Што ваду так старанна,

да поту, у ступе таўкуць;

Што ад матчынай мовы

паспелі даўно адцурацца,

Што двухмоўны гібрыд

у парламент сілком валакуць.

Пераконваць іх сэнсу не бачу,

не варта й старацца,

Лепш пацісну я рукі Шушкевічу і Пазьняку!

 

1991


1991