epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Чорная скрынка

У гасцях у класікаў
  1. Мігель Сааведра Сэрвантэс
  2. Калымскае прачытанне Л. М. Талстога
  3. Арыя
Ад душы
Над безданню
Жанчына, мілае стварэнне...
Адлятаюць на захад чародкі гусей...
Ода абывацелю
Салаўі
Накцюрн


Калі самалёт з невядомай прычыны раптоўна трапляе ў катастрофу, а пасажыры і экіпаж гінуць, следчыя і даследчыкі шукаюць «чорную скрынку», дзе знаходзяцца запісы апошніх слоў пілота. У падобным стане, кінуты ў ледзяныя абдымкі Калымы і смяротныя абдымкі ГУЛАГа, пісаў і хаваў напісанае ў сваю «чорную скрынку» аўтар гэтых радкоў ад яжоўска-берыеўскіх сышчыкаў. І ўсё ж значная частка з напісанага ў лагеры беззваротна загінула, чаму выпала і балючая тэма вайны, якая полымем гневу апаліла ўсіх нас, тубыльцаў далёкай ускраіны нашай зямлі, воляю сталінскай тыраніі бязвінна кінутых на галодна-халоднае знішчэнне. Частку з таго спрату прапаную чытачам.

 

Аўтар

 

У гасцях у класікаў

 

1. Мігель Сааведра Сэрвантэс

Змёўшы пыл даўніны з фаліянтаў,

Уваскрэшу сівыя вякі,

І Мігель Сааведра Сэрвантэс

Мне становіцца блізкі такі!

 

Над руінамі замчышчаў даўніх

Бачу я — рассяваецца дым,

Каралеўскаму трону падданы

З войскам рушыце ў Ерусалім...

 

Вось яна крыжаносная зграя

Зноў рыхтуе святую вайну

І агнём і мячом разбурае

Гарады за Хрыстову труну...

 

Вось ён рыцар — сіньёр прагнарукі,

Сіньярыну вядзе ў церамок,

Каб не здрадзіла ў часе разлукі,

Ей на пояс чапляе замок...

 

І, цалуючы вернасці ключык,

Накіроўвае стопы ў паход,

Індульгенцый і розных там штучак

Начапляўшы ад розных нягод.

 

Ці не стуль, Сааведра Сэрвантэс,

Бессмяротны узнік Дон Кіхот?

Быў і я ў шкуры той...

Расінантам —

Дохлай драбай калымскіх шырот...

 

Не ўвенчвалі славай вас лаўры,

Гранд напышлівы вас не вітаў,

Хоць былі ні арабам, ні маўрам,

Ні за пазухаю у Хрыста!

 

Як шматкі пасатлелыя мантый,

Час варушыць урыўкі прыкмет:

Як жа ў рабства,

Палонны Сэрвантэс,

Прадалі вас за жменьку пезет?!

 

Як магло быць, скажыце сіньёры,

Разамкнуўшы таемнасці круг,

Што хадзіў на галеры у моры

Геній ваш, закаваны ў ланцуг?!

 

Дон Кіхота прапраўнук далёкі,

Я да сэрца ўсё блізка тулю,

Я шукаю зладзейства вытокі,

Што сышлі і на нашу зямлю.

 

Ах, Мігель Сааведра Сэрвантэс,

Мне знаёмы трагічны ваш лёс,

Арыштанцкія драныя транты

І пірацкі разбойны налёт...

 

Вы прыкуты былі да галеры,

Я прыкуты да тачкі, як раб,

Гарачынь вас пякла да халеры,

А мяне пёк мароз да нутра!..

 

...Над Кардовай у небе бяздонным

Завісаў чараўнік-маладзік.

Серэнады чароўнейшай донне

Вы спявалі пад гоман і крык..

 

Толькі донне вы той — прасталюдзін,

Не вяльможа, не рыцар, не гранд,

І ніякая донна не будзе

Слухаць ваш весялун-балаган!

 

Між прапахлае лоем авечым,

Часнаком, памеранцам, амброй

Вы ў натоўп грамады чалавечай

Слалі гумару песенны рой.

 

Хай не рыцар вы, не кабальера,

Хай без шпагі вы і без плашча,

Неслі вы у душы сваёй веру

І любові агонь у вачах.

 

Вашы словы над мілай Севільяй

Расцвіталі, як ружы вясной,

Хоць прыдворныя камарылья

Часцяком частавала турмой...

 

...Над Кардоваю — неба бяздонне,

Над Севільяй сярпом маладзік,

Вы санеты складалі для донны,

Я — праклёны таму, хто вялік,

 

Хто мацней, чым кастры інквізіцый

Над паўшар’ем далоні прасцёр,

Хто з вялікіх «гуманных» пазіцый

Шле братоў і сясцёр на касцёр!

...........................................................

Асядлаўшы часін Расінанта,

З ветракамі мы рынемся ў бой...

Я, Мігель Сааведра Сэрвантэс,

Крыж пакуты нясу над сабой!

1946

 

 

2. Калымскае прачытанне Л. М. Талстога

Класік паважаны ў тоўстай раме

Паглядае строга са сцяны,

Быццам бы прамовіць хоча прама:

«Што ж вы гэта, сукіны сыны,

 

Лірыкі ружовую вадзічку

Цэдзіце праз рыфмаў чысты жвір,

Пакідаць пара пустую звычку.

Напісалі б лепш «Вайну і мір»!

 

Я гляджу спалоханы: святыня!

Мікалаю-ўгодніку радня!

З кужалю кашуля, а штаніны

З грубага вясковага радна.

 

Вось табе і граф! Па-руску просты,

Бровы — дугі. Позірк мудраца.

Адчуваю: дробнага я росту,

Грэшны сын бязбожнага айца!

 

На партрэт гляджу богабаязна,

А чарвяк сумнення думкі тне:

Горкі смак нявер’я, дух сарказму

Звіў гняздо ў душы на самым дне...

 

Сапраўды, назвалі ж вас люстэркам

Рускай рэвалюцыі і змен!

Гэта ж мерана якою меркай

І якой вагаю быў бязмен?

 

Шмат было, вядома, бруду й блуду,

Востры зрок працяў ваш кожны твор.

Толькі ж ехаў у Сібір Няхлюдаў

У карэце, а не пехам пёр!

 

Ёсць зварот да розных недавяркаў

Не пярэчыць крыўдзе, ўціску, злу.

Як жа так?! Урэжуць мне па карку,

Я ж, рахманы, стой, як немы слуп?!

 

Хіба ж вам, як мне, давалі ў косці?

Голадам марылі, як мяне?!

Ці ж да вас цынга хадзіла ў госці?

Ці ж служыць змушалі сатане?

 

Вы ж — памешчык, хоць на вас кашуля

З кужалю, з сялянскага ільну.

Гэта ж гулі лапцікі абулі

І пад імі тояць галізну!

 

Не сую я носа ў тое проса,

Што не сеяў сам, а сэнс такі:

Жнейкі жнуць, касцы кладуць пракосы,

Ды аруць зямельку... тулякі!

 

У жыцці ці мала ўсе грашылі,

Пазайздросціць тут гатоў я вам.

Ад царквы вас нават адлучылі —

Насалілі добра вы папам!

 

Дыхаў сам я адмаўленчым духам,

Спасцігаў марксізму вышыню!

Філасофскай тою пацярухай

Харчаваў я доўга мазгаўню!

 

Ну, а зараз? Мачыхаю стала

Мне надоўга маці-Калыма,

Дасягнуць тых кушчаў не прыпала

Ні адзінай з царскіх калымаг!

 

Я ўсю ноч чытаў пра Вашу Анну,

Што ж? Крыху шкада яе і мне.

Век свой дамскі аддала каханню,

А знайшла пад коламі канец.

 

Я не ўсё утумкаў у рамане,

Як і ў чым Карэнін вінават?

Вронскі — граф. Ён вам бліжэй па сану,

Хоць пусты, як бубен, мот і фат!

 

Мне б яго ў забойную брыгаду,

Пазвіні не шпорамі — кайлом!

Ухапіў бы плюху па фасаду,

Паспрачаўся б з лагерным мурлом!

 

Анна што? Жанчына не благая,

Ёй бы ў рукі прасніцу, сярпок

Ды з міленькім-любым шлюб пад гаем,

Ды смаркатых дзетак штук з пяток!

 

Не! Бадзяцца лепей па парыжах,

Сузіраць па луўрах голых баб.

Дваранін расейскі ім не рыжы,

Покуль жне і косіць рускі раб!..

 

Зрэшты, што ёй, што насамі круціць

Той высокі і шляхетны круг!

Зразумець бы ёй, што Вронскі — труцень,

Напляваць бы ёй на гэтых шлюх!

 

Зрэшты — годзе! І бліжэй да справы:

Ёсць і ў нас цяпер такая знаць —

Ракам да Масквы не пераставіць,

Розумам Расію не абняць!

 

Веру: гневу лавай агнявою

Размяце жыццё той фуз у пыл!

Дапішу апошні верш крывёю,

Бо няма ж у лагеры чарніл!

1948

 

 

3. Арыя

Я не Ленскі, Вы не Вольга,

Нам па сорак год.

Не магу стаяць я доўга

Ля чужых варот!

 

Што рыхтуе дзень нам новы?

(Хто і што ўварве?!)

Кажуць, хто мышэй не ловіць,

Кепска той жыве!

 

Закахаўся (ў познім цыкле!),

Што ж? Маркотна ныць? —

Ах, куды, куды вы зніклі,

Дні маёй вясны?

 

А нікуды!.. Тут, у сэрцы,

Тут яны ў крыві!

Мне смяхоцце з іхняй смерці,

З іхняе любві!

 

Каб Анегін — лодар гладкі,

З сытасці й нуды

Мне жакана пад лапатку

Жартам усадзіў?!

 

Не, не згодзен я на гэта —

Век наш — будзь здароў! —

Каб каго ў нас зжыць са свету,

Без Анегіна на гэта

Выстарчыць майстроў!

1947

 

 

Ад душы

Пагаворым шчыра, гаспадыня,

Здымем маскі фальшу і хлусні,

Тут не баль, тут быту павуцінне,

Плётак процьма, як іх не гані!

 

Тут жыццё, як той казаў, віруе,

Хоць не густа ў ім жывой красы,

Тут прыкметна шчупакі жыруюць,

Дзе як бот дурныя карасі.

 

Гэта праўда. Сытасць і лянота

Для распусты найбліжэйшы крок.

Кажуць, палец не паднось да рота,

Калі ў чарапку вядзецца клёк!

 

Я і сам пяшчоту думак чыстых

Марна траціў на такіх, як вы,

Абуджэння ж халадок празрысты

Змёў дурноту з юнай галавы.

 

А было ж: пад вечар ціхавейны

Чараўніцы юнай мілы смех

Кроў вар’яцтва абуджаў у венах

На спакусны і салодкі грэх...

 

Хоць і выйшаў я з таго палону,

Ды са смуткам і цяпер пяю:

За брыду — старога салдафона

Аддалі бацькі любоў маю...

 

Лёс падчас такія курчыць міны

Дзіву дацца можна нездарма,

Калі плача горкаю асінай

Доля пра таго, каго няма.

 

Я і вас прыдумаў нечакана,

Пад адхон аддаўшы ўсё на злом,

Калі прэч развеяла туманы

Белай ночы срэбнае святло.

 

А для вас я ўжо ахвяра юру,

Палымянай страсці слушны раб,

Каб паэту ўлезці ў гэту шкуру,

Ні багоў такіх няма, ні баб!

 

Ваша доля ясная з паўслова:

Верны муж, жыцця павольны ход —

Крокаў пяць ад спальні да сталовай,

Тыя ж крокаў пяць наадварот.

 

А каханне? Спалучэнне плоці

Ды рыпучы ложак па начах...

Дзе ж прасвет? Ён, нібы дзірка ў плоце,

Свеціць смуткам думным у вачах.

 

А лятунак мары-чарадзейкі

Хіба зрушыць сэрца тонкі лёд?

Ад яе ж прыбытку ні капейкі,

Так, пустой фантазіі палёт.

 

Ёсць парадак, ёсць застой спакою,

Што міжвольна зацінаюць дых —

Ёсць такое рабства, пра якое

Лепш староннім не казаць услых.

 

Я б пакінуў свет ад той напасці,

Толькі гэткім візы ў рай няма,

Ну, а ў пекла не патрапіш — трасцу!

Прыгалуб жа, маці-Калыма!

1946—1948

 

 

Над безданню

Калі воўк захварэў,

Ён ад зграі бяжыць у гушчар;

Боль нутра

Лечыць зеллем гаючым

У пушчы сабака...

Чым жа мне ўціхамірыць

Душы запалёнае жар,

На бязлюднасці стылай

Азябламу небараку?!

 

Ці спрабую ўцячы

Я на бераг сцюдзёнай ракі,

Ці блукацьму па сопках

Адлучаным зверам самотным,

Ці гляджу, як плывуць

Хмаркі-лебедзі ў светлы блакіт,

Як бяжыць лёгкі цень

Над прастораю тундры вільготнай...

 

Дзьмуць з усходу вятры

У былую маю старану,

Дзе зямля маіх продкаў,

Бацькоў дарагія магілы,

Дзе мая Беларусь

Без мяне сустракае вясну,

Што дала катаржаніну

Прагу да волі і сілу...

 

Смерць спакойна сваю

Прыме моўчкі знясілены воўк,

Боль шалёны свой спыніць

Сабака чароўнай травіцай.

Я ж, чый роспачны крык

Анямела у горле замоўк,

Як змагу адзінотай згібення

Каварнаму лёсу скарыцца?!

 

Не ўцячэш ад самога сябе,

Лбом сцяны не праб’еш,

І жыццё, як іржавы ланцуг на нагах

Безудзельна бразгоча.

Хіба ж мудрасці Бог

Ніспашле сваю волю табе,

Каб адолець ты змог

Чарнарыззе бясконцае ночы?!

 

У тузе скавытаць

Можа лайка на поўню ўначы,

Можа воўк доўга выць

На дымок, што з ярангі віецца,

Мне ж не дадзена

Боль свой нясцерпны перамагчы,

Зарыдаўшы бязгучна,

Далоняй прыціснуўшы сэрца...

 

Мне прысуджана

Горка ўсміхацца ўсяму, што наўкруг—

Ўсім стварэнням зямным —

Чалавеку, казулі, жывёле,

Мне прысуджана

Ў душы зірнуць

Душагубаў, зладзеяў, падлюг,

У калек і пачвар

Адшукаць знак чароўнае боскае волі!

 

Як пакінуць мне вас

Гэтай ноччу бяздоннай, нямой,

Зазірнуўшы сусвету

Ў яго таямнічыя вочы,

Каб світанак сустрэць

На паверхні зямелькі сваёй,

Назаўсёды пакінуўшы

Бераг бясконцае ночы!

1946

 

 

Жанчына, мілае стварэнне...

Жанчына, мілае стварэнне,

Я шмат гадоў не бачыў вас,

Таму нямею ад здзіўлення,

Скаваны дзівам хараства.

 

Закон няроўнасці міжвольна

Дазнацца вас ці спакушаў,

Што і пад шкурай паднявольнай

Ёсць чалавечая душа?!

 

Што немагчыма спалучэнне —

На розных канцавоссях мы...

Таму, чароўнае стварэнне,

Як ад халеры ці чумы,

 

Ад непазбежнае сустрэчы

Шарахаецеся ў бакі,

Каб звер з абліччам чалавечым

На вас не выскаліў клыкі...

 

Ах, мілая, вы так далёка

Ад ісціны вядомай той:

Ад торбы ды турмы няўрокам

Не абаронены ніхто;

 

Што скуць жалезам можна рукі,

Што нельга скуць жалезам дух!

Хай вые лёс паршывай сукай,

Звініць заржаўлены ланцуг!

 

Як мёртвы зыб гайдае мора,

Жыццё за валам гоніць вал,

Не схіліцца ў знямоглай зморы

Пакорай рабскай галава!

 

Не, яшчэ рана ставіць кропку

Над тым, што ёсць і што было,

Хоць кожны крок вартуюць сопкі,

Хоць троп вяртання замяло...

 

Я ноччу доўгай і бяссоннай

Ганю згіноты чорны цень,

Хай адраджэннем блаславёны

Ірдзее над радзімай дзень!

 

Там і сустрэну міг жаданы,

І сто разоў згадаю вас

За вокамгненны, нечаканы,

Дзівосны прывід хараства!

1946

 

 

Адлятаюць на захад чародкі гусей...

Адлятаюць на захад чародкі гусей,

Напаўзае Вялікая Ноч пакрысе.

 

Пуцявіна нябачна між зор пралягла.

З тропу іх не саб’е ні ўраган, ні імгла.

 

Птахі вольныя, смела ляціце туды,

Дзе зялёныя вечна квітнеюць сады!

 

Утапіце ў глыбінях журботу маю —

Страціў голас пасаджаны ў клетку пяюн!

 

Мне не дадзены крылы, мне пешшу кружыць

Па мярзлотнай зямлі на агеньчык чужы!

 

Мне імя запаветнае нельга назваць,

Мне раней цалаваных ільга цалаваць.

 

На палярных вятрах мне дзічэць, і гібець,

Ды журыцца, крадком прыгадаўшы цябе!

 

1947

 

 

Ода абывацелю

Вас навезлі з вашай добрай волі

У абдымкі доўгага рубля,

Каб Кландайкам на людской нядолі

Стала вам калымская зямля!

 

Нас сагнаўшы з пекла гнюсных турмаў,

Чым так шчодра ўсеяна зямля,

Панавезлі ў карабельных трумах,

Як на бойню збэшчаных цялят!

 

Я гляджу на вас і на падобных

Гэткіх жа двухногіх — людзі й людзі,

Толькі вам жыццё —

пірог шафранна-здобны

На вялізным, як паўшар’е, блюдзе!

 

Зырыць кожны воўкам на авечак,

Як бы адхапіць найбольшы кавал!..

Глянеш збоку — кволы чалавечак,

Звычкі ж мае добрага удава!

 

Што там той удаў?! Труса ці труску

Праглыне і варыць месяц цэлы!

Чалавеку ж труска на закуску,

Ды і то пад чаркаю з пахмелля!

 

Скажам, слон — жывёліна-махіна!

З’есць банан і сыты аж па хобат.

Чалавеку ж бульбы з паўасьміны

Мала на галодную вантробу!

 

Або ўзяць вярблюда: па пустыні

Каракумаў розных дзён з дзесятак

Без вады, без ежы горбіць спіну!..

Хіба ж гэтак зможа усялякі?!

 

Час ляціць нястрыманы, крылаты,

Прыпазніўся — страціш веры меру?!

Глупства, пане, больш нясеш ты страты,

Прамаргаўшы сытую вячэру!

 

Вам жывецца ўтульна ў цёплым доме,

Ласка жонкі — вам як доза брому...

Ах, была б планетка ўся ядомай,

Зжэрлі б цалкам, не далі б нікому!

 

Я абшнарыў паўзямное кулі:

Дзе яно, Адамавае шчасце?!

Паказаў мне лёс такую дулю,

Што аўчынкай здаўся б рай купчасты!

 

Я папраўдзе й сам не пурытанін,

Піў гарэлку, цалаваў жанчынак,

А цяпер галодны калымчанін,

Паднявольна гну на шахце спіну.

 

Зазірнуўшы дзёрзка ў вашы твары,

Што ільсняцца самадурства тлушчам,

Бачу, як брыдзе святлістай марай

Камунізму здань у тундры й пушчы!

 

Мне ж, бадзягу, месца шмат не трэба,

Хопіць дзесь пад сопкай два аршыны

Ды ўваччу акравак светлы неба

Беларусі — крэўнае айчыны!

 

Нашча лепей пішацца намнога —

Дух натхнення сінякрылым птахам

Прылятае сонечнай дарогай

Разагнаць шкілетны прывід страху...

 

Вы ж паспіце, прыхвасні эліты,

Стома сыці хай вам песціць целы

Вуркатаннем страўнікаў набітых:

Дзякуй Богу, дзень прайшоў — пад’елі!

 

1948

 

 

Салаўі

Сон такі: спяваюць салаўі

Дзесьці пад Саратавам над Волгай.

Свеціць смутак у вачах тваіх,

Што не ўбачу доўга, доўга...

 

Сон такі: гульня пачуццяў, слоў,

Спалучэнне фарбаў, хвост каметы,

Вечнасць — момант чараўнічых сноў,

Момант — азарэнне дум паэта...

 

Сон такі: слізгоча лёгкі плыт,

Над вадою пырхаюць касаткі,

Ловіць сэнс таемных слоў мой слых,

Дзе няма канца, няма й пачатку...

 

Сон растаў. Ігрышчам завірух

Сівер гоніць сцюжу ледзяную.

Выказаць хачу — займае дух —

Па табе так люта я сумую!

 

Звёў — развёў нас д’ябал абаіх,

Шчасця міг, запомніся надоўга!

...Як салодка пелі салаўі

У тваім Саратаве над Волгай!..

 

1949

 

 

Накцюрн

Уплецены аранжавая

Кветка ў валасы...

Заціхлым болем ран жывых

Загубленай красы

 

Я згадваю, прыгадваю

Ў затоенай журбе

Падобную, прынадную,

Што ўбачыў у табе.

 

Даруй, жанчына мілая

(Ўсё, што было, сплыло),

Што чараўнічай сілаю

Не ўзяты я ў палон.

 

З аброці, з путаў спушчаны

Распуджаныя сны

Аб мілай Беларушчыне

У квецені вясны,

 

Аб ціхай сціплай Свіслачы,

Пагардлівай Дзвіне,

Аб тых гаях, што высячы

Так рупіла вайне,

 

Дзе запявае раненька

Салоўка на дубе...

Ці ж трэба быць выгнаннікам

Каб так любіць цябе?!

 

Аб тых лясах ігуменскіх,

Дзе матчына радня,

Дзе і дагэтуль глуміцца

Над ёю партгання...

 

Уяўны прывід гонячы

Гадзінаю ліхой,

Прымроілася поначы

Ты яваю жывой!

 

І ўжо ў мігценні сполахаў,

У шолаху дажджоў

Супроць страшыдла-молаха

Паўстаць на бой гатоў.

 

Гатоў адолець далечы,

Глыбіні, вышыню,

Масты былога палячы

І кленучы ганню,

 

Што пысай ваўкалакавай

Людскую смокча кроў,

Што як пухлінай ракавай

Жыццё працяла скрозь.

 

Ды толькі зманам зрокавым

Я цешу сам сябе —

Паўлін за сеткай дротавай

На сопачным гарбе...

 

Балюча ж сэрцам зраненым

Пад ружаю вятроў

Сканаць навек спаганеным

Бязглуздасці таўром!..

 

Далёкая, каханая,

Чаканая, ты вер:

Мы горам павянчаныя —

Саюз наш не парве

 

Ні хеўра падлубянская

Заплечных спраў майстроў,

Ні роба арыштанцкая,

Ні выпаўзень — «герой»;

 

Ні зграя азвярэлая,

Што кінула за дрот,

Не нас, народы цэлыя,

Без права на зварот...

.......................................

Вось што жанчына ветлая

Спляла мне пакрысе

Аранжаваю кветкаю

У залатой касе!

 

1947—1956