epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Чырвонае Урочышча

Чырвонае Урочышча, тонкія хвоі,

Калішніх парубак замшэлыя пні!

Ці раз на Дукору дарогай тваёю

Хадзілі мы з бацькам у даўнія дні?

 

Ці раз я, падлетак, гамонку лясную

Падслухваў, што вецер па ўрочышчу нёс?

Глядзеў, як хваістыя лапы вяслуюць

Па сіняму мору паўднёвых нябёс?

 

Піў пах твой мядовы, ішоў пехатою

Па сыпкіх пясках засцянковых дарог,

Мінаў ячмянёў азярцо залатое,

З крынічкай сцюдзёнай імшасты разлог?

 

Радзіма, Радзіма!

Зямля маіх продкаў,

Гаворка пявучая, песня-душа!

Сціскалася сэрца ад болю салодка,

Ад горкай любові, пазнанай спярша.

 

Мулярскі струмент —

малаток, ды грунтвага

Ды кельня, ды фартух, ды рук мазалі,

Садоў настаяная хмельная брага

Ды шэпт таямнічы разложыстых ліп!

 

Кароткі начлег пад чужою страхою

Ды хлеба кавалак з чужога стала...

Не матчынай ласкай, а жорсткай рукою

Мяне маладосць па жыццю правяла.

 

Гады праляталі. Прасторы Сібіры,

Паўночныя зоры дружылі са мной.

Я зноў на радзіме. Блакітныя шыры

І роднае неба над галавой.

 

Забыты грунтвага, і фартух, і кельня,

Спакой пад таполяю бацька знайшоў,

Стаў лесам і гаем бярэзнік і ельнік,

Крывая дарога — шырокай шашой.

 

Дарогаю тою імчацца машыны,

Прысады стаяць па абодва бакі.

Чырвонае Ўрочышча, гмахаў вяршыні,

Заводскія трубы, трамваяў званкі!

 

Ці тут я падслухваў вятроў ліхалецце,

Гамонку вясновую стромкіх сасён?

Стаіць беласценавы горад на месцы,

З якога быў горад стары ледзь відзён.

 

На ўсход і на захад, у сінь далягляда,

Глядзіць ён прыветна вачамі акон.

Хаджу я па вуліцах горада-сада,

Узрушаны, горды гляджу навакол.

 

Хаджу я па парку. Зялёныя шаты

Пад сонцам іграюць стракатасцю фарб.

Нямарна хадзіў я гадамі на шахты,

Адшукваў у нетрах каштоўнейшы скарб!

 

Нямарна насіў я шахцёрскую робу,

У будучы час пракладаючы штрэк,

Я браў ад жыцця найгарчэйшыя пробы,

Каб вынасіць назву адну: Чалавек!

 

Каб бачыць вось гэты цудоўнейшы вырыс

На родным абліччы любімай зямлі,

Каб казачны горад сапраўднасцю вырас

На месцы адвечных дрымотных цалін.

 

Быць можа, прысніцца туманнай маною

Дарога ў Дукору, юнацкія дні,

Дзе колісь юнацтва маё залатое

Хадзіла пяскамі тае стараны!..

 

1955


1955