epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Чысціня

Ты не кажы, што ўсё даўно забыта,

Што ветрам часу памяць замяло.

Таго, што намі ў горкі час здабыта,

Не ператворыць ён у пыл і тло.

 

Маланкай, градам неаднойчы біты,

Правераны на стойкасць і на злом,

Жыву з душой, для добрых спраў адкрытай,

Як дзверы ў мой прытулак і жытло.

 

Не нас адных кранула дзікім смерчам

Жалеза, грому, дыму і агню,

Не мы адны зірнулі ў вочы смерці,

 

Каб пець асанну Перамогі дню.

Таму і сэрцаў нашых чысціню

Ні тлумам дзён, ні забыццём не сцерці.