epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Дрозд

Скажу вам — ведаеце што? — ў ядлоўцы

Паміж ялін высокіх і бяроз

Жыў не звычайны балбатун-прамоўца,

А незвычайна красамоўны дрозд.

 

Дзе злёт ці сход, парада ці планёрка,

Дрозд тут як тут, і верны сам сабе.

На дзве гадзіны развядзе гаворку,

Паснуць усе, а ён дзяўбе й дзяўбе!

 

Шчыглоў, сінічак, іншую драбноту

Кідае ў пот, у дрыжыкі, у сплін

Ён, дзяўбучы адну і тую ж ноту!

 

Як часта там, дзе спраў на грош адзін,

Мы з-за драздоў губляем шмат гадзін...

Ці не пара на іх завесці квоту?!