epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Думы

1
2
3
4
5
6


Думи моі, думи маі, лихо мені з вами!

 

Тарас Шаўчэнка

 

 

1

Канец стагоддзя твар скрывіў пачварны

І скрыжаваў нянавісці мячы.

А людзі прагнуць паратунку марна,

Ад родных хат губляючы ключы,

 

Зышла ў нябыт імперыя пакуты,

Мільгнуў між чорных хмар прамень надзей,

А ўжо грыміць зямля жалезам кутым

І неба растрывожана гудзе;

 

І страты, страты жыццяў чалавечых,

І пыл, і друз, і чадны пах руін,

І немы крык жанчын, і енк малечы...

Няўжо бязглузды свет сышоў на клін?!

 

Дзе ён, пачатак той злавеснай квадры,

Што насылае дым, агонь і кроў?

І гарам пахне з райскіх кушчаў Гагры,

І тленам вее з лаўравых гаёў...

 

 

2

Братэрству — крах. Дзярэ дыякан горла

Па убіенным, хто касцьмі палёг.

Гудуць званы пад гул гарматных жорлаў,

Не йдзе на помач Усявышні Бог.

 

Ізноў руку ўзнімае брат на брата,

Дарма Мерані шпорыць Эдуард.

Чым больш у рост ідуць акселераты,

Тым глупства больш, мацней яго азарт.

 

Хто не бываў у Гаграх ці ў Сухумі,

Хто Цынандалі смак не паспытаў?!

Дзе наш хаўрус? Растаў у чадзе й тлуме,

Папраўшы веру ў Бога і Хрыста!

 

Я часта з жалем згадваю сустрэчы

З нашчадкамі вялікага Шата,

Дзе валатовых эўкаліптаў вечам

Нам вечар казкі Грузіі шаптаў;

 

Сустрэчы з Гамсахурдзія-старэйшым

І поўны рог з бурштынавым віном,

Студэнт Звіяд, сын Канстанцінаў першы...

Ах, гэта ўсё было даўно, даўно!..

 

 

3

Хто скажа, чорт які людзей паблытаў,

Братазабойству даўшы чорны ход,

Каб след крыві на старажытных плітах

Змываў слязьмі падмануты народ?!

 

Яна ж была часцей, празрысцей, ява,

І свет надзей быў значна маладзей.

Адкуль жа злосць усёзнішчальнай лавай

Сумленне ў дым развеяла ў людзей?!

 

Няўжо ж вам, людзі, мала Карабаха,

Агню Цхінвалі і ахвяр Днястра?!

Няўжо свабоды сімвал — гэта плаха,

Якая прагне ласкі тапара?!

 

 

4

Жыве ж і ў нас амаль што ад калыскі

Боль раны, што й дасюль не зажыла.

Жыў-быў паэт Алесь Дудар калісьці,

Пісаў «Пасеклі край наш папалам»...

 

За што і быў аплёваны й сасланы,

Замёў крывавы час яго сляды.

Не зажылі ж на целе нашым раны,

Нанёс якія мудры правадыр.

 

А сапраўды ж пасеклі... Ў лік аплаты

Пайшлі і душы нашы, і зямля.

Наш горкі лёс ахвярамі багаты:

Каму улада й трон, каму — пятля!

 

Мы ж не крычым: Аддайце нашу Вільню!

Мы ж не галосім: Дзе наш Беласток?

Народ наш хоць і пільны, ды цывільны —

Да плуга больш ці да камбайна схільны

І дабрынёй сваёй грашыць чуток!

 

 

5

Заўжды пасрэднасць прагне славы. Мала

Ёй быць Іванам Грозным ці Пятром

Вялікім. Нават бедны наш Купала

Іх услаўляў пакутлівым пяром.

 

Не, ён ніяк не быў раўня Дзям’яну,

Прыдворным блазнам ката не смяшыў,

Свайго народа сын вернападданы,

Ён супастатам не прадаў душы.

 

Хоць схібіў трохі, быў жа чысты сэрцам,

Сумленна жыў, загадкава памёр:

Падцікаваны быў майстрамі смерці,

Не ўратавалі мы, нам і дакор!

 

 

6

О, смутны час напрыканцы стагоддзя,

Спыні гульні смяротныя кругі,

Пакуль стыхія мсцівага разводдзя

Не паразмыла гневам берагі!

 

1991


1991