epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Два берагі

Край зямлі. Узняўся цёмны бераг,

Як уцёс над плынямі пратокі.

Тут праходзіў мараплавец Берынг,

Кладучы ў нязведанае крокі.

 

Білі злосна штормы ў грудзі брыга,

Паласкалі ветразі шалёна.

У набег ішлі на поўдзень крыгі,

І тады мацнеў свяжак салёны.

 

Праляталі нізка альбатросы,

Узнімалі чайкі лямант дзікі,

І святло халоднае лілося

У акіян Лядовы і Вялікі.

 

Жартавалі хвалі з берагамі

У хвіліны бурнага прыліву.

Шлях праклаў паміж мацерыкамі

Сын Расіі, горды і шчаслівы.

 

Тут цяпер на беразе высокім

Слаўных продкаў малады нашчадак

У сівыя далі строміць вока —

Сцеражэ спакой на даляглядзе.

 

Бачыць ён, як скрозь бурунаў пырскі,

Скрозь прыбой, што ўдзень і ўноч грукоча,

Адплываюць казакоў сібірскіх

На той бок пад ветразямі ночы.

 

І на месцы, дзе спраўляў ігрышчы

Дзікі вецер з берагоў Юкона,

Вырасталі сцены гарадзішчаў,

Зелянелі першыя загоны.

 

Красавала буйная пшаніца

Забайкальскай добрае пароды,

І з братамі рускімі радніцца

Йшлі плямёны гордага народа.

 

Ды зайшло над тою дружбай сонца,

Прыкрасць труціць сэрца горкім зеллем:

Губернатар — выпладак саксонскі

Распрадаў чужынцам нашы землі.

 

Так лягла мяжа сярод пратокі,

Дзе праходзіў мараплавец Берынг.

...Малады салдат не зводзіць вока —

Сцеражэ Айчыны родны бераг.

 

1953


1953