epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Дзе пройдзе маладосць

Далёкі бераг пеністага мора,

З шырынь паўночных сцюжныя вятры,

Кладзе вялікай ночы шэры морак

Сваю далонь на белыя шатры.

 

А там,

дзе даль пазёмкаю дыміцца,

Губляючы уласныя сляды,

Блукае маладая аляніца,

Адбіўшыся ад роднай чарады.

 

Пільнуе курапатку зыркі собаль

Ды песняй цішыні звіняць снягі,

На след заечы важнаю асобай

Ідзе пясец,

звужаючы кругі.

 

Успалыхне залётная камета,

На міг праклаўшы ў небе срэбны шрам,

І ловіць зрок,

як добрую прыкмету,

Яе ў дарозе к новым берагам.

 

Дарма вятроў раптоўныя набегі

На нас склікалі ліха і бяду,

Спынялі сон кароткага начлегу,

Ды не спынілі мужнасці хаду.

 

Як старадаўніх дзён землепраходцы,

Мы пракладалі ў белых пустках шлях,

Бо там, дзе пройдуць ногі маладосці,

Дыхне жыццём і мёртвая зямля!

 

1954


1954