epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Дзень наступны

Я прадбачу прыход твой,

Мне рысы твае, сэрцу мілыя,

Свецяць раннем празрыстым,

Адценнем высокіх шырот.

І раскутая думка ляціць,

Лёгкавейная і шпаркакрылая,

Да шматлюдных кварталаў,

Што ўзняты кіпучаю сілаю,

Да ажурных тых шыбін,

Дзе дождж веснавы барабаніць, як шрот...

 

Да цябе, Дзень Наступны,

Скірованы думкі, надзеі і домыслы.

Жураўліным ключом

Шалясцяць нашых дзёрзкіх задум

пасланцы,

Што лунаюць над жоўтым палеткам,

Над нафтавым промыслам

У гадзіну, як ноч над зямлёю

Закіне сузор’яў каромыслы

І па зорцы блакітнай

Павесіць на кожным канцы...

 

Я чакаю цябе, Дзень Наступны,

З трывогаю светлаю нейкаю.

Ясны твар твой не засціць

Шумлівых турбот мітульга...

Я не сплю, я ўглядаюся ў вочы твае

З мігатлівымі вейкамі —

Бачу вобраз Радзімы,

Вясну

І таполі з лісточкамі клейкімі...

І тады нараджаецца верш,

Дзе напяты радкі,

Як стракатых вясёлак дуга...

 

І тады небасхіл,

Разатканы па сіні аздобаю зорчатай,

Асвятляецца бляскам маланкавым

Тысячавольтных вачэй;

І ўступае у сілу жыцця

Чарадзейства вялікае

Працы і творчасці;

І нязрушная веліч прадбачання

Ленінскай зоркасці

Палымнее над векам суровым

Ста сонцаў ярчэй!

 

Жарам сэрцаў сваіх

Растапляем мы нетры прамёрзлыя,

З непадатных парод

Высякаем мы россып алмазны кайлом!

І ўцякаюць пачвары,

Што ўчора драпежнай звярынаю мордаю

Выскаляліся злосна,

Напалмам пустэльні ствараючы мёртвыя

Там, дзе сонца нядаўна

Над вечназялёнай зямлёю плыло!

 

Веру я, Дзень Наступны,

Ты прыйдзеш для шчасця,

Вялікай надзеяй асветлены,

Перашкоды змятаючы прэч

Непахіснай рукой,

Падстаўляючы сонцу гаючаму

Твар свой абветраны,—

Бо заве цябе воляй нястрымнаю,

Ласкай прыветнаю

Непераможная сіла

Любові людской!

 

1967


1967