epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Дзіва

1
2
3
4
5


1

Быў цёмны лес. Быў пошчак салаўіны.

Быў берасцянак звонкі пераклік.

Быў сэрцаў стук. Быў момант той адзіны,

Што не бярэ свядомасць на улік.

 

Згадай яго ты ў светлую хвіліну,

Калі замрэ ў грудзях ад шчасця крык,

Той непаўторны ранак, лёт хвілінны,

Без дум, разваг, без пошлых закавык.

 

Згадай і рук цяпло, і скрыжаванне

Бяздонных зрэнак, цёмных, нібы ноч,

Адно, як шолах ветрыка, дыханне,

 

Скупое шчасце на дваіх адно.

А над усім жыцця трыумфаванне,

Дзе явы бляск ярчэй чароўных сноў...

 

 

2

Даўно юнацтва ўдалеч адляцела,

Сатлеў на попел прысак пачуцця,

Спакою прагне і душа, і цела,

А не грымот і бліскавіц жыцця.

 

Так думаў я. Ды па-жаноцку смела

Ты увайшла, як бура ў сон трысця,

У мой спакой. І зноў душа запела,

Адчуўшы радасць поўную быцця.

 

З краіны сонца і пяскоў зыбучых,

Як дзіва дзіў, доўгачаканы цуд,

Прыйшла ты ў засень дум маіх

Дрымучых,

 

Каб зноў вясны ўрачысты перагуд

Ажыў у словах песень неўміручых,

Як падказаў ласкавы твой прысуд.

 

 

3

Было і так: пануры і зацяты,

Нібыта скнара, я хаваў глыбей

Усё, чым сэрца і душа багаты,

Што не было прызначана табе.

 

А ты прыйшла, маё святло і свята,

Мой лепшы лекар ад усякіх бед,—

Я ўсё аддаў, зламаўшы сховаў краты,

Адну цябе пакінуўшы сабе.

 

І ў прах зляцелі ўсе мае трывогі,

І недаверу цень адскочыў прэч,

Бо ты ізноў паклікала ў дарогу,

 

Бо след твой час ніколі не сатрэ.

Багаты духам той, хто дорыць многа,

Убогі — хто не дорыць, а бярэ.

 

 

4

Я не пад шчаснай зоркаю народжан —

Хапіў я перцу й солі цераз край!

За ўсё цяпер табою ўзнагароджан,

Майго жыцця вячэрняя зара!

 

Я не шукаў цябе, хоць тройчы згодзен

З тым, што прыйшла сама пад пеўчы грай

Вянком маім нягодам і прыгодам,

Дзе шчырай дружбе месца і пара.

 

Усё было ў жыцці, апроч спакою,

Былі і рай, і пекла, і любоў...

Цяпер усё запоўнена табою,

 

Цяпер усё авеяна табой.

Таму й прашу я:

будзь сама сабой —

Так лепш,

чым быць уласнасцю чужою...

 

 

5

Пакуль належу я да той пароды,

Што сэнс шукае ў руху і хадзе,

Са мною будзь усюды і заўсёды —

У яве, ў снах, на сушы і вадзе!

 

Бо палыну гаркота й ружы водар

Табе і мне аддадзены ў надзел,

Каб страты боль і радасці знаходак

Дзялілі роўна ў шчасці і ў бядзе.

 

Ты, можа, момант толькі падарыла,

Але вага яго — раўня гадам,

А бляск яго — ярчэй любых свяцілаў;

 

Таму я памяць светлую не дам

У кіпці забыцця. З нязгаснай сілай

Хай да канца пароўну свеціць нам!

 

1971


1971