epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Дзвіна

Дзвіна, Дзвіна!

Люблю ў імгле вячэрняй

Павольны ўсплёск

Тваіх гуллівых вод!

На берагах зялёнашумны чэрвень

З табой шапоча роснаю травой...

 

Дзвіна, Дзвіна!

Хадзілі плытагоны,

З журботнай песняй

Гналі ўдаль плыты,

Ты ратавала вольніцу з прыгону,

Была ім роднай мацеркаю ты!..

 

Дзвіна, Дзвіна!

Дажджы і непагоды

Хадзілі часта берагам тваім,

Грымелі ўвесну грозна крыгаходы,

Лясных пажараў слаўся горкі дым..

 

Дзвіна, Дзвіна!

З высокай стромкай кручы

Глядзіцца сонца ў жвірыстае дно,

А час імчыцца хваляю бягучай,

А свежы вецер дыхае вясной...

 

Дзвіна, Дзвіна!

Табой зачараваны,

Стаю і бачу,

Як вядуць чаўны

У доўгі шлях

Да сонечнага рання

Рукамі смелымі твае сыны...

 

Шуміць вада,

Сінее цёплы чэрвень,

Губляе золата ў раку заход...

Дзвіна, Дзвіна!

Люблю ў імгле вячэрняй

Прыветны ўсплёск

Тваіх празрыстых вод!

 

1926


1926