epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Фантан

Залатаногі бор лье гуд і водар смолкі,

Глядзяць на белы свет скрозь мох баравікі...

Рвучы дрымучы сон ад захаду да золку,

Гудзе рухавічок, не спяць буравікі...

 

На дымныя кастры кладуцца лапы ёлкі,

Нібыта ліжуць змрок дракона языкі...

Скрыгоча ў нетрах бур алмазнаю каронкай,

Разведку боем тут вядуць нафтавікі...

 

Канец, канец табе, Палесся сон пакорны!

Дрыжыць нутро зямлі, сплывае прэч туман,

І воблакам цяжкім на небасхіле зорным

 

З глыбінь пластоў зямных — прыроды

шчодрай дань —

Узняўся, нібы конь крылаты з грывай чорнай,

Доўгачаканай нафты ўздыблены фантан.