epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Філасафічнае

Ёсць горкай праўды смак такі,

Відаць, душы патрэба:

Што б не спасцігла род людскі

Што ж, так яму і трэба!

 

Той солі смак жыве вякі

Пад нашым шэрым небам:

Хто быў усім, той стаў нікім,—

Што ж, так яму і трэба!

 

Той меў вышэйшую з пасад.

Сядзеў бы, рукі грэў бы...

Не! Лез вышэй. Далі пад зад,—

Што ж, так яму і трэба!

 

Той махляваў і так, і сяк,

Усё ў свой бок падгрэбваў.

Быў багацей, цяпер — бядняк,—

Што ж, так яму і трэба!

 

Той дабрадзей раздаў людзям

Усё да крошкі хлеба,

Цяпер галодны ходзіць сам,—

Што ж, так яму і трэба!

 

Той асушыў паўнюткі гляк,

Меў сесці ў брычку Феба,

А сеў у лужыну, лайдак,—

Што ж, так яму і трэба!

 

Не пакланяўся бард-пясняр

Ні золату, ні срэбру,

Ды страціў голас — божы дар...

Што ж, так яму і трэба!

 

Юнак быў закаханы ў дым,

Жанчыны ж сэрца — рэбус:

Яна пабралася з другім...

Што ж, так таму і трэба!

 

Герой лірычны наш спачын

Знайшоў у роднай глебе,—

Сябры ўздыхнулі на памін:

Што ж, так яму і трэба!

 

1949—1993

Бурхала — Менск