epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Гады прайшлі, а я ўсё помню...

Гады прайшлі, а я ўсё помню

Твой першы крок насустрач мне,

Зімой заснежаную пойму,

І лёд празрысты на Дзвіне,

І старажытны сонны Полацк,

І звонкі студзень, і снягі,

І на гары Сафійскі волат,

І гоман бомаў з-пад дугі...

 

Было бясхмарнае юнацтва,

Быў бляск вачэй, быў звонкі смех,

І санак рып, і лес знянацку,

Што сінім ценем лёг на снег...

Было: зімовы зорны вечар,

Бязлюднай вуліцы спакой,

І мост гарбаты над ракой,

І развітанні, і сустрэчы...

 

Шырокі свет раскрыўшы насцеж,

Рукою шчодраю жыццё

Дарыла марамі, і шчасцем,

І незваротным пачуццём,

І той адвагай беспрычыннай,

І дзёрзкасцю бяздумнай той,

Дзе немагчымае магчыма

І дзе магчымае — нішто.

 

Здавалася, што дар юнацтва

Навек ададзен — не ў заклад,

Што нам з бядою не спазнацца,

Што не сцямнее далягляд,

Што неба сіняе скляпенне

Не рассячэ маланак меч,

Як узаемнага імкнення

Суроку злому не рассеч...

Здавалася...

 

Натужным гужам

Гады прайшлі праз кроў і дым,

Каб зноў цвісці вільготным ружам

І сустракацца маладым.

Сустрэў і я цябе, жанчына,

І ўсё прыкмеціў зыркі зрок:

Вачэй насмешлівы вірок,

І ад павек разбег маршчынак,

І той жаночы халадок,

Што невядомы быў дзяўчыне...

 

Цяпер спытай сябе, да сэрца

Прыклаўшы цёплую далонь:

Няўжо між двух адзінаверцаў

Нявер’е плён густы дало?

Няпраўда. Мы з табой. Вачыма,

Зірнуўшы ў вочы, кажаш ты:

І немагчымае магчыма

Таму, хто ўзяў рубеж круты!

 

1958


1958