epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Гарбуз

Здараецца ж такое: на гародзе

Пад сонцам вырас велікан-гарбуз!

Прыгожы, круглы, важкі — дзіва й годзе! —

Нібыта не гарбуз, а важны туз!

 

Глядзеў звысоку ён пры ўсім народзе

На землякоў, нібы на чарвякоў:

— Вы — драбяза, ды пры такой пародзе

Вас не адрозніш нават ад гуркоў!

 

Так выхваляўся ён, так надзімаўся —

Чуваць было, бадай, за тры вярсты!

Ды вось бяда — нябога не ўтрымаўся

I лопнуў, нібы выстрал халасты.

 

Мараль санета: калі ты зазнаўся —

То сам, як той гарбуз, нутром пусты!


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Звонак, Алесь. Сябрына : Выбраныя творы: Вершы.Паэмы,1925-1985 / Алесь Звонак. - Мн. : Маст.літ., 1987. - 383с.,1л.партр.
Крыніца: скан