epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

"Гарыць тайга..."

Гарыць тайга. У сінім дыме

Здалёк паблісквае рака.

Над кедрачамі маладымі

Узнята полымя рука.

 

Скрозь хмары дыму, як з туману,

Глядзіць барвяны сонца дыск,

І далятае пах смаляны

І чадны гар да нас сюды.

 

Адбіць агонь цаной любою

Мы выйшлі ўсе да аднаго,

І кожны крок мы бралі з бою

У пекле чортавым яго.

 

А ён змагаўся не на жарты,

Кідаў у твар удушша чад,

Пакуль пад націскам упартым

Не павярнуў ад нашых хат.

 

І тлелі чорныя выгары

Там, дзе кіпеў гарачы бой,

І гул знішчальнага пажару

Ішоў далёкай стараной.

 

Калі ж набраклай хмары вымя

Лінула дожджыкам густым,

Над кедрачамі маладымі

Яшчэ курыўся едкі дым.

 

1949


1949