epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Геолаг

Тады я быў намнога маладзей,

Цвярдзей была рука мая і воля.

Прайшоў я шмат па сушы і вадзе,

Дапытлівы шукальнік і геолаг.

 

Сталёвым адмысловым малатком

Я адбіваў кавалкі той пароды,

Дзе тонкі прожылак, дзе ракавісты злом

Мне адчыняў эпох мінулых подых.

 

Залог удач знаходзіў я ў рудзе,

Дзе ўкрапаны бліскучыя крышталі.

Я быў тады намнога маладзей,

І я шукаў паклад такіх металаў,

 

З якіх нязломнай волі інжынер

Здабудзе сплаў несакрушальнай сілы.

Ён быў, як я, зусім не малавер

І летуценнем быў, як я, акрылен.

 

Ўначы, як месяц закідаў вясло

У мёртвы зыб азёрнай срэбнай хвалі,

Кідаў я груды тугаплаўкіх слоў,

Распаленых да белага напалу.

 

На, маё сонца, клікаў я, знайдзі,

Каторы камень найярчэйшы гранню?

Ў якім адбітак непаўторных дзіў

Гарыць іскрой імкненняў палымяных?!

 

Вазьмі яго з маіх нястомных рук,

Зірні на свет, і ў ясным праламленні

Убачыш ты, мой непаўторны друг,

На кожнай грані радасць і здзіўленне!

 

1954


1954