epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

"Горныя рэкі па звілінах рэчышч..."

Горныя рэкі па звілінах рэчышч

Ліжуць гранітавы камень,

Падаюць зоры халодныя ў вечнасць,

Небу махнуўшы рукамі.

 

Таюць вясёлкі у чорных выгарах.

Сопак сняговыя пікі

Туляць пяшчотна бялёсыя хмары,

Дню адышоўшага блікі...

 

Поўнач! Азёр залатая паверхня!

Цёмнай тайгі нерухомасць!

Дзён першабытных нямая прыветнасць,

Дальніх паходаў няўтомнасць!

 

Вецер гуляе па горных цяснінах,

Ястраб пільнуе здабычу,

Трубіць алень у гушчары прызыўна

Самку бязрогую кліча...

 

1946


1946