epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Губернатарскі сад

Памяці І. Пуліхава

 

Губернатарскі сад.

Духавыя аркестры.

Трубным голасам стогнуць

Палкавыя басы.

Звон малінавы шпораў

І букецік пярэсты

Беласнежных паненак

Кісейнай красы...

Губернатарскі сад!

«Уваход забаронен

Для сабак і салдат»

(І для чэрні любой!)...

Далятаюць званы

Дзесьці з плошчы Саборнай —

Кат Курлоў едзе ў сад

У карэце сваёй...

 

Яшчэ стрэлы расстрэлу

У сэрцах — спуджаным рэхам

І на вулічным бруку

Не высахла кроў,—

У расквечаны сад

Для пацехі-уцехі

Едзе царскі сатрап —

Губернатар Курлоў.

 

Гнеў рабочы, каб мог,

Нечысць гэтую змёў бы,

Утапіў бы ў гразі,

Каб не пэцкаць ваду...

І студэнт малады

Самаробную бомбу

Безразважна шпурляе

У брыду на хаду...

 

Памяць, востраю будзь,—

Не забудзь свайго сына,

Што задушан пятлёй

На варотах турмы!..

.....................................................

На прыцішаны парк

Вечар лёг цёмна-сіні,

І агні пагасілі гіганты-дамы.

 

Горад спіць.

Горад будняў і вечнае славы,

Што за дзевяць вякоў

На калені не стаў,

Каб з натхнення і працы —

Цудоўнага сплаву —

Харашэць і сталець

Непахісным, як сталь.

 

Льецца мякка святло

На граніт абеліска.

Ля падножжа,

Як сімвал бяссмерця,—

Агонь.

Дзень наступны ўступае

На вуліцы Мінска,

Золак сцягам чырвоным

Вітае яго.

 

1970


1970