epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Гусак і арол

Гусак аднойчы ўтрэскаўся ў цацарку

(У байках можа быць і так і сяк!),

І хоць на ход і лёт не быў ён шпаркі,

А ўсё ж арлом сябе ўяўляў гусак.

 

Аднойчы ў часе летняга прыпарку

Арол сапраўдны (здарылася ж так!),

З двара ўмыкнуў прыгожую цацарку,

Пакуль драмаў разлапісты гусак.

 

Прачнуўся той, схапіў бляшанку з дзёгцем

І паляцеў з канца ў канец сяла

Перамываць цацарцы пер’е й косці

І з галавы да ног чарніць арла...

 

Мараль: ніхто не чуў на свеце штосьці,

Каб стаў гусак арлом хаця б ад злосці!