epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Гузак

Калі ты другу верыў, як сабе,

А той, адзінай, верыў, як святыні,—

Ды здрадзілі табе,— ў палон журбе

Не аддавай сябе! Няхай не з тымі

 

Дзяліў душы багацце. Для цябе

Існуе цэлы свет. У ім астыне

Твой боль. Дужэй ты станеш і глыбей

За тых, чыя душа пусцей пустыні.

 

Ах, маладосць! Расквечанай палянай

Ты ўсё жывое бачыш навакол,

Дзе расхінуты насцеж свет нязнаны,

 

Дзе шчасце з неба сыплецца ў прыпол!

Як часта лічыш ты гузак за рану,

За боль душы — іголачны укол.