epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

"Як хораша!.."

Як хораша! Нячутнаю ступою,

Світальным подыхам асенняе красы

Ступае верасень пад жоўтаю травою,

Страсаючы жамчужына расы...

 

Надзелі сопкі белыя тунікі,

Нясуць вятры адзнакі таямніц,

Па схонах гор пунсовая брусніка

Халодным, зыркім полымем гарыць.

 

Скрозь пену хмар з вышыняў неабсяжных

Глядзіцца сонца ў шкло азёрных вод,

Дзе алянёнка важанка паважна

Вядзе на мяккі мох праз сіні брод.

 

Іду на край далёкае даліны,

Дзе чорны цень кідае гор атрог.

Яно надыдзе, скрыжаванне ліній

Тваіх з маімі сонечных дарог!..

 

Чакаю я упэўнена і проста

На той, залітай сонцам старане:

Усё адно ты прыйдзеш светлай госцяй

І праўду сэрца скажаш толькі мне.

 

Хаджу адзін па зарасніку топкім,

Твой цень нябачна ўслед за мной ідзе.

На сінім крыллі за далёкай сопкай,

Як белы лебедзь, праплывае дзень...

 

Як хораша! З-за цёмнага узгорка

Крадуцца прыцемкі нячутнаю хадой,

З вышынь глядзіцца ў возера вячорка,

І бляск яе зліваецца з вадой...

 

1947


1947