epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Ясная раніца

Крыштальнай свежасцю кранутая,

з вачамі светла-бірузовымі,

Памаладзеўшая, паружавеўшая,

пахарашэўшая на халадку,

Устань, Айчына, яснай раніцай,

зарой умытая пунсоваю,

Прайдзі сваёй паходкай лёгкаю

па распісным, як шкло, лядку!

 

Прывець той дзень, што веку зарывам

здаўна адзін з усіх памечаны!

Напоўні алых сцягаў ветразі

дыханнем цёплым навізны!

Каб хваля ўсмешак пракацілася

на крылах шчасця чалавечага

Па-над Палескаю раўнінаю,

па крутаберажку Дзвіны!

 

Прайдзі сталічнымі бульварамі

і беласценнымі кварталамі,

Дзе сонца ў вокнах свежавымытых

іскрыць праменнаю ігрой;

Паслухай шэпт лясоў прытоены,

глянь на густэчу руні ўдалае,

На ўсё, што мы з любоўю шчыраю

завём Айчынаю сваёй!

 

І ў лістападны дзень, напоўнены

ўрачыстым гулам труб мядзяных,

Адчуеш крокі пакарыцеля

вышынь, глыбінь, зямель і рэк;

Адчуеш дойлідства прыгожасць,

калі знікаюць рыштаванні,

Адчуеш цвёрды поступ творцы,

імя якому — Чалавек!

 

1966


1966