epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

"Каля цёмных берагоў..."

Каля цёмных берагоў

Светлаплынных рэк

Свет дзіцячых чыстых сноў

Патануў навек.

 

У мігценні бліскавіц,

Шапаценні лоз

Назаўсёды ўпалі ніц

Дыяменты слёз.

 

Сціхла водгулле грымот.

Ачышчальны час

У нябачаны паход

Клікаў юных нас.

 

Мы ішлі. Не пазіраў

З нас ніхто назад,

Дождж нам вочы засцілаў,

Біў няшчадна град...

 

Там, дзе ў роднай старане

Цвіў язмін густы,

Пацалунак першы мне

Падарыла ты...

 

Ды ўраган пракляты змяў

Наша поле й сад.

Глянуў смерці ў вочы я,

Выпіў горкі яд.

 

А юнацкіх мрояў рой

Усё жыве ў душы,

Абуджае ў жылах кроў,

І на той шашы,

 

Дзе разбегліся ў бакі

Нашыя сляды,

Клічуць цёплыя радкі

У даўнія гады,

 

Каб ажыў ружовы сон,

Поціск мілых рук,

Каб забіўся ва ўнісон

Сэрцаў перастук.

 

Вось таму не дам журбе

Ніць разлукі віць,

Прынясу я ў дар табе

Той агонь любві,

 

Што пранёс праз ураган,

Што ў агні збярог,

Загаіўшы шрамы ран,

Шчасцем перамог!..

 

1947


1947