epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Калыма

Мнагаводная красуня,

Плешчаш дзікім хараством!

Ад хрыбта Сунтар-Хаята

Праз парогі, ледалом,

Выгінаючыся станам

Між нізін, між горных стром

У абдымкі Акіяна

Ты імчышся напралом...

 

Ой, ты, рэчка, мая рэчка

Ды з вадзіцай ледзяной,

Ледзь суняў я боль сардэчны,

Як ступіў на бераг твой!

Як стамлёны ўпаў на гальку,

Як набраў вадзіцы ў рот,

Як сцябаў, нібы нагайка,

Вецер сцюжны тых шырот...

 

Прыгадаюць, можа, ўсплёскі,

Зыб сцюдзёнай той вады,

Як цягаў на баржы дошкі

Ноччу грузчык малады!..

Як праз горы, як праз долы

Песню ўсюды нёс з сабой,

Беларускія раздоллі

Памінаў у песні той...

 

Як пасля ў мароз і спёку

Дзе з рыдлёўкай, дзе з кайлом

Абышоў твае прытокі

І распадкі ўсе суздром;

Як бурыў мярзлотны панцыр

З той гарняцкаю братвой,

Як струменіўся між пальцаў

Залаты пясочак твой!..

 

Люд арцельны, прыісковы

Як навекі палюбіў,

Вершаваным добрым словам

Памянуць не пазабыў...

............................................................

Спіць рака, і спяць прытокі,

Ноч палярная плыве...

Край адважных, край далёкі,

Ты ў грудзях маіх жывеш!

 

1955


1955