epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Каменне

Калі б магло каменне гаварыць,

Дык таямніцы нашае зямліцы

Надзіва нам яно магло б раскрыць

Такія, што і ў снах не могуць сніцца!

 

Эпох далёкіх сведкі — валуны,

Ледавікоў вандроўнікі — бадзягі,

Мільён гадоў маўчаць — і хоць бы хны!

Мне ж чуцен голас скандынаўскай сагі.

 

Каменне спіць і сніць каменны сон,

Калі ж яно раптоўна загаворыць,

Зардзее неба звонкай паласой,

Агнёвай лавай захлынуцца горы...

 

Каменне спіць, скавана нематой,

Яе і мне прывіць імкнуцца бзікі,

Каб на зямлі бацькоў, зямлі святой,

Я чужаніцай стаўся без’языкім.

 

Калі б магло каменне гаварыць,

Ад сораму пачырванелі б зоры,

Бо ні дажджам, ні ліўням век не змыць

Слядоў крыві, людскіх пакут і гора...

 

Калі б магло каменне гаварыць

Суровай сілай, мовай абурэння,

Яно б сказала: спадары-сябры,

У самы раз пара збіраць каменне!

 

1992


1992