epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Каму свеціць сонца

1. Кансенсус
2. Смага
3. Малітва
4. Каму свеціць сонца. (Ода алею).
5. У музы ў гасцях


Вялікае свяціла! Чаго варта было б тваё шчасце, калі б не было ў цябе тых, каму ты свецішь?

 

Фрыдрык Ніцшэ

 

 

1. Кансенсус

Памылка веку ці не ў тым,

Што дух трагедый лічым фарсам,

Зямныя бурачы масты,

Наводзім зорныя да Марса.

 

Імкнёмся ўвысь, у нетраў склеп

Да распазнання таямніцы...

Аднак жывым патрэбен хлеб,

І соль, і чыстая вадзіца.

 

Што дзень наступны нам нясе? —

Заглянем, паскідаўшы шоры,

Парасплятаўшы пакрысе

Мішурны свет фантасмагорый...

 

Як вобраз вечнай пекнаты,

Вясна ўжо стукаецца ў сенцы,

А мы, разявіўшы раты,

Шукаем прывідны кансенсус.

 

Што тухне рыба з галавы,

Асцерагалі нас, няўмекаў,

А мы, загнаўшы ў кут жывых,

Шукаем снежных чалавекаў.

 

Адно вясло назад грабе,

Другое ўперад, руль — нікуды,

Каб не заплыў наш карабель

У таямнічыя Бярмуды!

 

А вось і ён, шуканы той,

З таемнай назваю віхрастай,

Аднагалосны разнабой

Высакамоўна-гучнай трасцы!..

 

Змяніў ён коснасць і застой

На мнагаслоўе з бракам сэнсу.

Якою зловіцца рукой

Няўлоўнай еднасці кансенсус?!

 

Пабачыць бы хоць за вярсту,

Зірнуўшы вокам бесстароннім,

Хто туліць думак беднату

Пад красамоўнасці каронай!

 

 

2. Смага

Ганю халодны дух развагі,

Хаос, дзе зломіць чорт нагу.

Чым наталіць жаданняў смагу,

Як прымарудзіць час-бягун?!

 

Згадай шчыгрынавую скуру:

Жаданняў больш — дні карацей

І тым, хто лашчыў сінякуру,

І тым, хто ў працы век пацеў.

 

Я драмы ў жарт ператвараю,

Сваё прызванне бачу ў тым,

Што ўласнаручна разбураю

Абрыдлых догмаў кволы тын.

 

Не прычакаўшы час свой зорны,

Нясу я ў сэрцы гімн красе:

Каханню ўзросты ўсе пакорны,

Хоць у палоне тым не ўсе!

 

І ўсё ж я ўсёй сваёй істотай

Удзячны генію таму,

Што ў час смяротнай адзіноты

Не даў датлець жыццю майму.

 

Праклён паслаўшы ўсім напасцям,

Я рад, што крылцы не злажыў

Там, дзе Макар цялят не пасвіў,

Дзе д’яблу спраўна я служыў1.

 

Не мера таленту пакуты,

Ён не памрэ й загнаны ў кут,

Будзь тройчы ў ланцугі закуты

Ці ў каземаце на замку!

 

«О, дайце, дайце мне свабоду!» —

Князь Ігар так лямантаваў,

Забыўшы, што свабоду зроду

Ніхто ахвотна не даваў.

 

Бяруць свабоду сілай духу,

Бяруць са зброяй у руках,

Хто не зламаўся ў кіпцях скрухі,

Хто перамог смяротны страх.

 

Не спакушай жа, чад прынадны!

П’ю горкай памяці настой:

Табе ўсе ўзросты падуладны,

Усе жаданні і настрой!

 

Даруйце, мілыя жанчынкі,

Што не хлушу і не грашу,

За вашу кожную слязінку

Кладу на вогнішча душу!

 

Я вас кахаў каханнем грэшным,

Любові не зазнаў святой...

Пазарасталі тыя сцежкі

Травой забытасці густой...

 

Але, чароўныя газелі,

Хачу спытаць у вас адно:

Калі ж вы нараджаць паспелі

Так многа сукіных сыноў?!

 

Гляджу вачамі ветэрана

На псіх вар’яцкі, дзікі бзік,

Што прэ апоўначы з экрана

Пад першабытны енк і крык...

 

І сэрца просіць валідолу.

Эпоха блудная, скажы:

Няўжо ніхто з нас лепшай долі

Так да канца й не заслужыў?

 

Што ж? Ашалела праляцелі

Гады наўскач. З сядла пара!

Хоць жыць па-людску не умелі,

Па-людску будзем паміраць!

 

Былому век не паўтарыцца.

Не набягай, сляза, крадком:

Прыемна ўсё ж жывым лічыцца.

Пабыўшы тройчы мерцвяком!

 

 

1 Жоўтым д’яблам М. Горкі называў золата.

3. Малітва

Засценкам, сцежкай вузкай, бальшаком

Я ўсе свае адмераў кіламетры.

Не пакрывіў душою і радком,

Пабыў пад вышкай і пад вышаком,

Перадрыжэў на запалярных ветрах.

Душу й цяпер не рве надрыўны крык,

Сапу, храпу, цягну свой воз на горку,

Як некалі на сіверным зыры...

А шчасце, як вяртлявая вавёрка,

Задраўшы хвост, падскоквае ўгары...

 

Ах, шчасце, шчасце! Вечнай тэмы змест,

Жар-птушкі пёрка, кропля ў акіяне,

Даўжэзны шлях ад Магадана ў Брэст,

Сіндром бліскучы ў твані куламес,

Зярнятка праўды у тарпе падману!

 

Відаць, так створан Богам чалавек,

Адзін з найлепшых (і найгоршых!) твораў,

Шукаў я жылы у вярхоўях рэк,

Біў пад зямлёй залатаносны штрэк,

Гукаў і рыбку залатую ў моры...

 

Жыву! Не спрах на сіверных вятрах

Сараматы пякучай гук нясмелы

За хлеб, што ем са смуткам у вачах,

Што вырас дзесьці на чужых палях...

Няўжо мая зямелька так збяднела?!

 

Гарчыць у роце міласціны смак

І злосць на трутняў, што ў пчальнік заселі,

Што іх адтуль не выкурыць ніяк...

Што ж?! Мудрасць часу выракае так:

Спаўна займелі тое, што хацелі!

 

Я галашу, сабраўшы сілы ўсе;

Калі ты ёсць, Гасподзь, прымі малітву,

Аблокі смерці чорныя рассей,

Дай родны твар зямны абмыць расе,

Так густа потам і крывёй паліты!

 

Скажы сынам аблудным, што пара

Спыніць за кропкі й коскі спрэчак веча.

Як да прарока не ідзе гара,

Сама зямля не йдзе да спадара,—

Яна чакае ласкі чалавечай!

 

 

4. Каму свеціць сонца. (Ода алею).

Каму ты свеціш, сонца, неба дар?

Каму ты льеш святло чакання ў душы?

Я твой падданы, сам сабе спадар,

Жыхар той самай шостай часткі сушы.

 

Той самай, дзе праз сем дзесяткаў год

Стаў жабраком калішні цар прыроды.

Каму свяціць ты будзеш, грэць каго,

Калі твой homo sapiens выйдзе з моды?!

 

О, мой вялікі цудадзейны час,

Паставіў ты нас, смердаў, на калені,

Каб, кленучы Лявона Ільіча,

Мы акрыялі духам перамены!

 

І тыя, хто салодка вуркатаў

І пра цацачкі і пра абяцанкі,

І тыя, хто дзядоўскі след таптаў

З варот Лубянкі аж да Магаданкі!

 

Цябе вітаю, час вялікіх змен!

Я нават больш скажу: ад шчасця млею!

Скажыце, хто прыдумаў той бязмен,

Каб зважыць мне на пай сто грам алею?!

 

Тры грамы з гакам міры той на дзень

Засведчаны дзяржаўным дакументам,

Над ім да поту прэлі кагадзе

Штук пяць ці шэсць шаноўных прэзідэнтаў.

 

Каму з тае гавэнды смех ці плач,

Па мне ж дык хопіць і таго дастатку:

Папу макнуць мірапамазны квач,

А рэшта мне, нябожчыку, ў лампадку!

 

І ўсё ж я веру: будзе повен збан,

Што звалі грэкі некалі амфорай!

Яшчэ блукае камунізму здань

І сталіністка Ніна дасць нам фору!

 

І, значыць, сонцу ёсць каму свяціць,

І, значыць, ёсць каму казаць дарогу,

І, значыць, ёсць на свеце мудрацы,

А ўсё астатняе за пазухай у Бога!

 

 

5. У музы ў гасцях

Паэзія — сумленні, боль, пакуты,

Сяброўка адзіноты і гаркот,

Бард, да слупа ганебнага прыкуты,

Пявучы птах, закліканы ў палёт!

 

Надзеі момант, славы міг кароткі,

Скупы снапок праменнага святла,

За незалежнасць, гонар, мову продкаў,

Не аднаго са свету ты зжыла!

 

Ах, муза Палігімнія, я лаўрам

Тваім чало сваё не падстаўляў!

Ты не багіняй, а прадажнай лярвай

Збірала рэшткі з барскага стала.

 

А ў тых прызёраў, як у сенбернара

На абражку медаляў не злічыць.

У іх і сёння з-пад лагодных твараў

Ільсняцца сыта гладкія лычы.

 

А мне хапала лагернай скарынкі

І тапчана з сырога жардняка,

I ўсё ж з вачэй не вырвала слязінкі

Тыранскіх катаў жорсткая рука.

 

Калі ж паляруш падхапіў куміра,

Прыціх той хор, што пеў хвалу ўзахлёб,

Той-сёй спачыў паціху ў возе з мірам,

Той-сёй пусціў з адчаю кулю ў лоб.

 

Было, было... Ранцье тытулаваны,

Што трыццаць год радка не падарыў,

Тых, хто прыйшоў ад сопак Магадана

У дні хрушчоўскай веснавой пары,

 

Не надта шчыра й горача прывеціў,

Лічыў, што кожны ў нечым вінават,

Што дысідэнты — сукіныя дзеці,

Што ім пара даць выспятка пад зад...

 

А ў час, калі Мікіту пад мікіткі

Шпурнулі ліха з троннага сядла,

Хапала трасца шмат каго за лыткі,

Ды хутка тая хунта ажыла...

 

Было, было... Ўсе будзем на тым свеце,

Народ і слугі верныя яго.

Хто ў рай, хто ў пекла цераз аднаго,

Хто пехатой, хто ў залатой карэце,—

Ніхто прымату не аддасць свайго!

 

Не! Я ў тым кодле не слуга народа,

Народ — не пан, я — не байструк-батрак!

Я сын яго, сын цвёрдае пароды,

Нашу ў крыві крывіцкай крэўны знак!

 

1991


1991