epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Камуністы

Гучных слоў не патрэбна.

Няхай прагучыць не ўрачыста

Дзелавая размова

спакойных руплівых людзей.

У нязведаны свет

пракладаюць шляхі камуністы,

І зямля ад вялікага зруху трывожна гудзе.

 

Бой за шчасце людское

ідзе па гарачай планеце —

Камуністы наперадзе. Так павялося здаўна,

Калі бліснула першай маланкаю

першая ў свеце

За народнае шчасце

пад сцягам свабоды вайна.

 

Гучных слоў не патрэбна.

У лічбах спакойнай размовы

Веліч планаў, як вежа,

расце да нязнаных яснот,

Бо жыве ў кожным з нас

Ільіча запаветнае слова,

Што вяло першы трактар

і першы вядзе лунаход.

 

Гучных слоў не патрэбна.

Жывуць не для гучнае славы

Камуністы —

праходчыкі новых вышынь і глыбінь.

Хай грукочуць гады,

як на стыках цяжкія саставы.

Дні лятуць, як вятры

за абшыўкай касмічных кабін

 

Чым вышэй наш уздым

на вяршыні дваццатага веку,

Чым далей між халодных сузор’яў

лятуць караблі,

Тым жывецца смялей, спакайней,

шчаслівей чалавеку,

Бо за шчасце людзей

бой вядуць камуністы зямлі.

 

Вось і сёння са мной

па алеі геройскага Мінска

Ты прайдзі, мой сучаснік,

пагодлівым сонечным днём

Пакланіцца

суровай і мужнай красе абеліска,

Нахіліцца чалом

над нязгасным і Вечным агнём.

 

Ты прайдзі да зялёнае хаткі

над Свіслаччу-рэчкай,

Скуль пачатак узяў

вечнай плыні нястрыманы рух.

Не, ніколі, ніколі

не кануць ні ў Лету, ні ў вечнасць

Тых імёны,

хто першы запалку падносіў к кастру.

 

Тых імёны,

хто стаў да канца непахіснай скалою

Бараніць сваю маці

ад нечысці чорнай ганні,

Хто прыпаў да грудзей

яе кроўю палітага долу,

Хто застаўся ў адбымках

халоднай яго цішыні.

 

Памяць строгая,

будзь спадарожнікам сэрца вячыстым!

Свежы вецер эпохі,

у нашыя ветразі дзьмі!

Ёсць адзін абавязак

і права адно ў камуніста:

У рабоце, ў бядзе, у баі

першым быць між людзьмі!

 

Праз дрымучасць мінуўшчыны —

спадчыну цёмную веку,

Праз саваны і джунглі,

праз зарасні нетраў лясных

Пракладаюць у заўтрашні дзень

залатую прасеку

Камуністы пяці кантынентаў —

народа сыны.

 

Трэба ўсюды паспець —

будзь то цэх ці прастор каласісты

Ці крывавых змаганняў далёкі рубеж

агнявы,

Бо жыве неспакоем

заўсёды душа камуніста,

Бо завешчан яму

ад Кастрычніка дух баявы.

 

Гучных слоў не патрэбна.

Адолены шлях камяністы.

Гмах вялікіх здабыткаў

вышэй узлятае штодзень.

У нязведаны свет

пракладаюць шляхі камуністы,

І зямля ад вялікага зруху трывожна гудзе.

1971


1971