epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Кляновае лісце

Здаецца, ўсю зямлю кляновым лісцем

Услаў на фарбы здатны лістапад,

Нібы асколкі зарываў агністых

Шпурнуў з вышынь асенні зарапад.

 

Няхай, няхай агеньчыкам цяпліцца

Душа, якой не кратае разлад,

Бо дадзена ёй з будучыняй зліцца,

Закасаваўшы ўсе шляхі назад!

 

Свет непадзельны. Водгуллем праклёнаў

Яго трывог жывых не заглушыць.

Ён узнясецца ўгору з дна прадонняў,

 

Як успамінаў боль не варушы.

...Шапоча лісце пад нагамі клёнаў

У тон наскрозь расчуленай душы.