epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Красавік

Красавік —

Гэта першыя краскі вясны,

Некранутая сінь

Танканогай пралескі,

Рокат рэк гаваркіх,

Буйства сокаў зямных.

Вечна юнага часу

Ўрачыстая песня.

 

Красавік —

Абуджэнне салодкіх трывог,

Прадчуванне грымот,

Навальніц і маланак,

Шум крыві,

Неспакой,

Прага дальніх дарог,

Перадышкі кароткай

Прыветны паўстанак.

 

Красавік —

Галубы ў небе крыллем шасцяць,

Птахі міру і дружбы,

Надзей і сумлення.

Красавік —

Гэта час аднаўлення жыцця,

Гэта месяц,

Калі нарадзіўся

Ленін.

 

Можа быць, вось такім

Скрозь туману дымок

Уставаў красавік

Над драўляным Сімбірскам,

Запаліўшы над будучыняю

Аганёк,

Лёс Расіі гайдаючы

Разам з калыскай.

 

Можа быць, і не знала

Красуня рака,

Пяючы калыханку

На захадзе веку,

Што адсюль

Узнясецца над светам рука,

Каб злучыць у адну

Чалавечыя рэкі.

 

Красавік...

Вее ў твар

Цёплы вецер вясны.

Мы ідзём па зямлі,

Людзі новага часу.

І заўсёды між нас —

Бессмяротны Ільіч,

Поплеч з намі ідзе

Бессмяротны Ільіч,

Сэрцы нам саграе

Бессмяротны Ільіч

На шляху да вышынь

Чалавечага шчасця!

 

1960


1960