epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Кроплі

Я не хачу развітвацца з табою —

Яшчэ ў запасе вечнасць ёсць у нас.

Яшчэ трубач-гарніст не граў адбою,

Імя якому — беззваротны час.

 

Яшчэ над толькі скошанай травою

Пах канюшыны ў лузе не ачах,

Яшчэ жыццё падорыць нам з табою

Цуд не адзін на радасць ці адчай.

 

Дзве кроплі мы ў бясконцым акіяне.

Мы — людзі. Мы жывем сярод людзей.

І навальнічным подыхам падзей

 

Нас ахінае часу хваляванне.

Пакуль жывем — мы пад крылом надзей

Да самага апошняга дыхання.