epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Круг

Ён, толькі ён так мог дарожкі выслаць,

Сняжок сакавіковы шапаткі,

І з агалелых голляў проста ў Свіслач

Кідаць пухнатых снежак камякі.

 

Яшчэ вясне не скора сокам выспець,

А ўжо шыбуе сонца напрасткі,

І на пагорку талым, як на выспе,

На поўны голас рэй вядуць гракі...

 

О, вечны круг зямнога існавання!

Шкада, цябе не ў сілах хоць на час

Спыніць, каб мог тваім упіцца ззяннем

 

І новы круг на схіле год пачаць,

Каб будучыні светлай прадчуванне

Мігцела ў затуманеных вачах!