epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Кругазварот

Калі б ізноў пачаць усё спачатку

Было магчыма. Вер мне, я б пачаў

Не з тых дарог, дзе ўсё трывала й гладка,

А з тых, што ў бездань клічуць і адчай.

 

Хай клаў бы час на лоб маршчын пячатку,

А шрам на сэрцы круг пакут вянчаў,

Цябе б знайшоў я зноў, і не выпадкам,

На тым жа месцы, ў той жа самы час!

 

Хай хлус-няўдачнік ткаў бы небыліцы,

А пустаслоў гудзеў, як калаўрот,—

Вышэйшай праўды чыстая крыніца

 

Знайшла б з пячорных нетраў верны ход,

Каб праз хлусні чысцілішча прабіцца

Ва ўсёй красе да сонечных варот!

 

1972


1972