epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Кругі (Вянок санетаў)

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15


1

Вастру я памяць, як лязо нажа.

Хай рэжа скібы забыцця крутыя.

Хай на змяркальным захадзе дрыжаць

Гадоў лятучых крылы агнявыя!

 

Хай з даўніны, як з прорвы чорных хмар,

Пары юнацкай блісне азарэнне,

Дзе над сабой ты ўжо не валадар,

Дзе ты — ў палоне шчасным вокамгнення.

 

Няхай, няхай прымроіцца табе

Скрозь цішыню нямую ўтульных сценак

І прывід дзіва ў сонечнай разьбе,

І сінявокі веснавы барвенак,

Сямідзесяты лютаўскі набег,

Калі ўварвецца раптам у прысенак.

 

 

2

Калі ўварвецца раптам у прысенак

Як госць нязваны водгук дзён былых —

Не позірк — іскры палятуць са зрэнак

У вышыню, у далягляд, углыб!

 

І ажывуць: і мост, і сівер гулкі,

І санны след, як гнуткая змяя,

І шпацыр наш на полацкіх завулках,

І мілая даверлівасць твая;

 

І снежных скрыпак срэбраныя струны,

І першай страты нечаканы жаль,

Падзенне ў бездань — першы пацалунак,

І летуцення ўзлёт вышэй стрыжа.

Жыве й цяпер той чарадзейны трунак —

Былых пачуццяў незгасальны жар.

 

 

3

Былых пачуццяў незгасальны жар,

Сабою поўніш ты радкі санета!

Я зберагу твой неацэнны дар

Як успамін адзіхацелы лета.

 

Адзіхацела й ты сваёй красой,

І надышоў канец тваёй уладзе.

Даўным-даўно другая йдзе са мной

Па брукаванай сонцам эспланадзе.

 

А там, далей, між светлых тых прасек,

Рамонкам, мёдам дзе прапах засценак,

Ляглі дзве стужкі ціхаплынных рэк —

Жывой зямлі пульсуючыя вены,—

Ідзе ў зеніт дваццаты бурны век,

Увесь ён рух і прага перамены.

 

 

4

Увесь ён рух і прага перамены,

Часцінка часу — кожны новы дзень,

Што ашане зямлю дажджом праменным,

Перш, чым скаціцца ў вечаровы цень.

 

У ім і з ім канец жыцця й пачатак,

І я хачу, пакуль жыве душа,

Не даць у лапы неадступнай даты

Ні гул крыві, ні свой сардэчны шал.

 

Хіба ж не шчасце — ў громе гучных будзен

Адчуць дыханне неба і зямлі

І знаць, што ў тым працоўным рытме й гудзе,

Хоць ён, быць можа, і не так вялік,—

Ляжыць крышталік у алмазнай грудзе —

Тваіх учынкаў вынік і падлік!

 

 

5

Тваіх учынкаў вынік і падлік

Хай не пасее золь расчаравання,

Хоць не ў прасцяг шляхі твае ляглі,

А ў глыбіню зямных напластаванняў.

 

Дзяўбаў кайлом ты кварц і парфірыт,

І мёрзлых сланцаў цвёрдыя пароды,

Каб адшукаць глыбінныя дары

Спрадвечна шчодрай матухны-прыроды.

 

І не аднойчы ў трапяткіх руках

Нёс, як жар-птушку, ты, шукальнік юны

На запалярных сіверных вятрах,

Здабыты ў нетрах колішняй лагуны,

Сабе на шчасце, ворагам на страх,

Радзіме роднай сціплы падарунак!

 

 

6

Радзіме роднай сціплы падарунак

Нясе з нас кожны, хто на што багат,

У навальніцу, ў штормы і буруны,

У дзень пагодны, ў буру, ў дождж і град.

 

Нас абдымалі лесатундраў сцюжы,

Рыпеў пясок пустэльняў на зубах.

Няхай сабе над галавою кружыць

Зімы сямідзесятай белы птах.

 

Кружы, кружы! Няма душы спакою!

Ад ран былых не збіцца ёй на крык.

Пакуль святло лье сонца залатое,

Пакуль лье пурпур зарыва зары,

Я прычакаю, каб усё зямное

Злілося ў радасць, як вада ў арык.

 

 

7

Злілося ў радасць, як вада ў арык,

Усё, чым так была душа багата.

Ты — чалавек. І званнем тым вялік,

Хоць на пачварных вырадкаў зацяты!

 

Душа твая — нібыта мяккі воск —

Ад чалавечай ласкі ўраз растане,

Ды скамянее ад ліхіх пагроз

І ў небяспецы непахіснай стане.

 

Жыццё такімі гадавала нас,

Праз гул і гром такі дало кірунак.

Быў шчасны час, і быў пакутны час,

Ці раз глыталі мы пякучы трунак.

І, як адзін, сцвярджалі кожны раз:

Усё, што робім мы,— ў імя Камуны!

 

 

8

Усё, што робім мы,— ў імя Камуны.

Для тых, хто ў рупна высаджаны сад

Услед за намі ўвойдзе шчасны й юны,

Хто не зірне спалохана назад.

 

Хто гвалту, змовам проста скажа: кропка!

Хто крыважэрным войнам скажа: прэч!

Для іх руду мы здабывалі ў сопках,

Стваралі моры ў марыве пустэч!

 

Не злічыць найсучаснейшы камп’ютэр

Ні нашых неймаверна цяжкіх страт,

Ні сіл, што веку геніем раскуты,

Ні ў будучыню вынайдзеных трас.

Таму свой месяц нараджэння — Люты

У поўнай сіле напаткаць я рад!

 

 

9

У поўнай сіле напаткаць я рад

Цябе, радок мой, шчырасцю сагрэты,

Што па крывінцы сочыцца з пяра,

Каб зліцца з формай строгаю санета;

 

І вас вакол сяброўскага стала,

Майстры версіфікацый і паэты,

Каго са свету зайздрасць не зжыла,

Хто лёс няўдзячны ўзяў сабе за мэту!

 

Сустрэну я й цябе, мой добры друг,

Ва ўсёй красе, што звянуць не паспела,

З кім разамкнуць не можам шчыльны круг,

Дзе невядом спакой душы і целу.

Хай напаткае таварыства дух

Усіх сяброў, як ты таго хацела!

 

 

10

Усіх сяброў, як ты таго хацела,

Ці ў вольны час, ці ў час кіпучых спраў,

Сустрэну твар у твар адкрыта й смела:

Нідзе й нікога я не абылгаў!

 

Ні мёртвых, ні жывых, ні ў час пакутны,

Калі ад болю ўздрыгвала зямля,

Хоць сам атручан зеллем быў атрутным,

Хоць бачыў смерць і зблізку, і здаля!

 

З нас кожны, як каму наканавана,

Прайшоў чысцілішч тых агнёвы град.

Не выхваляйся ж — не заслуга рана,

А немы сведка мужных тваіх спраў.

Злавесны смог няхай навек растане,

Спадзе няхай на дол, як з плеч гара!

 

 

11

Спадзе няхай на дол, як з плеч гара,

Нялёгкі друз акасцянелых звычак.

Зірні: ўзнаўлення светлая пара

У салаўіны сад упарта кліча.

 

Той сад садоўнік мудры пасадзіў

І даручыў нам даглядаць старанна.

Як харашэе ён штодня, глядзі,

Рукамі працавітымі прыбраны!

 

Тут змест і сутнасць пошукаў усіх,

У даль сусвету ўзлёт рашучы й смелы.

Касмічны век, да зорак данясі

Той карабель, што мы стварыць паспелі!

І, як куродым едкі, пагасі

Усё, што нам перашкаджаць пасмела!

 

 

12

Усё, што нам перашкаджаць пасмела,

Змяці, рука рабочая, з двара!

Хай прарасце наш клопат збожжам спелым,

Жывой трапой народнага дабра!

 

Свет, зрэшты, стане з галавы на ногі,

Хоць рыне ў прорву сто разоў старчма!

У чалавецтва ёсць адна дарога —

Дарогі іншай у яго няма!

 

Дык хай любоў жыве ў грудзях гарачых

Хай дабратою зрэнкі воч гараць,

Бо злосцю нельга свет пераіначыць,

Пакуль не ўзыдзе розуму зара!

Ты, мая мара, абміні няўдачы,

Жыві ўладаркай думак і пяра!

 

 

13

Жыві, ўладарка думак і пяра!

Скрозь ліхалецці мы цябе пранеслі.

Сарві сваёй рукой з календара

Лісток мой з тэкстам лебядзінай песні!

 

Яе не проста ўголас праспяваць,

Пакласці ўсё сваё жыццё на ноты.

Няхай гучыць, хоць часам і чуваць

У ёй матыў забытай адзіноты.

 

Са мною поплеч ты ішла тады,

Калі зямля ад дрыгацення млела,

Калі звярнуў сонцаварот гады

На курс, дзе ўсё зямное пацяплела.

Дык услаўляцьму бацькаўшчыны дым,

Пакуль я сам жыву на свеце белым!

 

 

14

Пакуль я сам жыву на свеце белым.

Усё жывое сэрцам ахаплю:

Сінечу неба, піраміды елак,

Птушыны грай, гарачую зямлю;

 

Раскаты грому, лівень навальнічны,

Вясёлкі ззянне, пошчак салаўя,

Твой голас мілы, перазвон крынічны —

Усё, багата чым душа мая!

 

Усё ўбяру ў сваю грудную клетку,

Чаго раней, сляпак, не заўважаў,

Усё, чаму саўдзельнік быў і сведка,

Што не раз’ела забыцця іржа.

Таму сабе й нагадваю я зрэдку:

Вастры ты памяць, як лязо нажа!

 

 

15

Вастру я памяць, як лязо нажа,

Калі ўварвецца раптам у прысенак

Былых пачуццяў незгасальны жар.

Увесь ён — рух і прага перамены.

 

Тваіх учынкаў вынік і падлік —

Радзіме роднай сціплы падарунак.

Злілося ў радасць, як вада ў арык,

Усё, што робім мы,— ў імя Камуны!

 

У поўнай сіле напаткаць я рад

Усіх сяброў, як ты таго хацела.

Спадзе няхай на дол як з плеч гара

Усё, што нам перашкаджаць пасмела.

Жыві, ўладарка думак і пяра,

Пакуль я сам жыву на свеце белым!

 

1977


1977