epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Крыло

Дзьмуць скразнякі, сумёты намятаюць

За вокнамі над Свіслаччу-ракой.

Я вершы Барадуліна чытаю,

П’ю, як віно, густы настой радкоў.

 

Дык, значыць, жыць паэзіі высокай,

Асененай Купалавай рукой,

Дзе б’юць яе празрыстыя вытокі

Крыніцай вечна чыстай і жывой.

 

Хай скразнякі эпохі дзьмуць заўзята,

Нясуць вятры халодныя здаля,—

Пад снегам дрэмле ўпотай плён багаты,

 

Якім пасля адорыць нас зямля.

Як не існуе будніх дзён без свята,

Так не існуе песня без крыла!