epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Лясная казка

Ноч абсыпала срэбным бляскам

Галіны стромкае сасны.

Жыла ў душы лясная казка,

Якую чулі мы адны.

 

Яе навеяў бор пявучы

На сцежках снежаньскай зімы.

Напеў салодкі і балючы

Пілі, захопленыя, мы.

 

Ішлі, пабраўшыся за рукі,

Сябры юнацкіх даўніх дзён,

І толькі сэрцаў перастукі

Краналі змроку белы сон.

 

Жыццю аддаўшы ўсё дарэшты,

Прайшоўшы тысячы дарог,

Не даказаў з нас кожны нешта

Ці проста выказаць не змог.

 

...Зноў снежань... Цьмяны бляск вячоркі

Цяпер не раз згадае мне

Пра задушэўныя гаворкі,

Пра цёмны бор і белы снег...

 

Цяплынь даўно забытай ласкі

Прашалясцела стараной,

А ўсё жыве лясная казка,

Якую склалі мы з табой...

 

1958


1958