epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Ленінскі праспект

На Ленінскім праспекце сонца многа,

Усмешак многа добрых і шчаслівых.

На велічы, сатканай з ліній строгіх,

Паклаў адбітак свой здзяйсненняў час імклівы.

 

Над ім зіхціць святлісты дзень красавіковы,

Над ім плывуць аблок празрыстыя чародкі,

Галінкі ліп вось-вось ускалыхнуць гатовы

Вясновай прозелені полымем салодкім...

 

Умельства рук сваіх, любоў гарачых сэрцаў,

Агонь душы сваёй уклаўшы ў кожны камень,

Яго народ узняў з руін, нябыту, смерці

Над прахам дзён былых, над хмурнымі вякамі.

 

Таму ад плошчы той, дзе моўчкі ўзняўся Ленін,

Узяў пачатак ён артэрыяй Радзімы.

Таму як лепшых мар жывое ўвасабленне

Яго народ назваў найдаражэйшым імем.

 

Друг юны, калі йдзеш па Ленінскім праспекце,

Не забывай, што йдзеш насустрач мэце светлай,

Якую ў час навалы, слот і ліхалеццяў

Вялікі наш Ільіч узняў над змрочным светам!

1962


1962