epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Мая Радзіма

Ад Мурманскіх халодных узбярэжжаў

Да залатога сонечнага Крыма

Пралёг наўсцяж у воблачных мярэжах

Абшар мае вялікае Радзімы.

 

Ад гушчароў дрымучага Палесся,

Ад Фінскай затуманенай затокі

Мая Радзіма распасцерла плечы

Да Сахаліна і Уладзівастока.

 

Шумяць па ёй блакітнай плынню рэкі,

Гараць пад сонцам сінія азёры,

Бягуць ўдаль шляхоў вялікіх рэйкі,

Гудуць у небе гулкія маторы.

 

Яна пяе вятрамі маладымі,

Абмыты твар яе расою свежай.

І сем марэй ляглі з бакоў Радзімы

Вартаўнікамі неабсяжных межаў.

 

Над ёю час ідзе хадой бяссмерця,

Гады ўстаюць, як помнікі, за ёю,

І роўна б’ецца маладое сэрца

Жаданнем міру, шчасця і спакою.

 

Ад сцен Крамля да дальняга аула

Адной сям’ёй жывуць яе народы.

Грымяць яе заводы мерным гулам,

Яе палі ўраджай багаты родзяць.

 

Цвярдыні скал ірвуцца аманалам,

І заміраюць вадаспадаў шумы,

Ламаецца круты хрыбет Урала,

Растуць сады ў пустэльнях Каракума.

 

Яна стаіць над спарахнелым светам,

Дзе вораг лютай ярасцю шалее,

Для ўсіх плямён —

Непагасімы светач,

Для ўсіх народаў —

Прыклад і надзея.

 

Няхай грымяць здалёку навальніцы,

Няхай ідуць пагрозы рыссім крокам,

Трымае зірк спакойны на граніцах

Яе сыноў нядрэмлючае вока!

 

1935


1935