epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Маё пакаленне

Пакаленне маё вырастала на дружбе,

На пачуццях яднання — плячо да пляча.

Мы ставалі ў ранжыр, як на воінскай службе,

З неастылым дзяцінствам у ясных вачах.

 

Неакрэплай рукою сціскалі вінтоўкі,

Ідучы ў раздарожжы дваццатых гадоў.

Мы умелі трымаць сваю вернасць сяброўкам,

Жыць удачай адной і адною бядой.

 

Мы умелі... А многа чаго і не ўмелі,

Пракладаючы першымі ўдалеч сляды.

Нас вучыла жыццё: будзь разумны і смелы,

Смеласць, кажуць, заўсёды бярэ гарады!

 

Мы з вусамі ішлі на рабфакі за парты,

З барадой на будоўлі ці ў пекла вайны...

Мы ішлі па загаду, па закліку партыі,

З ёй жылі пачуццём і дыханнем адным.

 

...Так, пражыўшы паўвека, сяброў я гукаю,

Як няясыць самотная ў цёмным бары.

Ходзіць мара мая па сівым небакраю,

Ходзіць мара па краю пунсовай зары.

 

Нарадзілі яе дні натхнёнае працы,

І бяссонныя ночы, і роздуму бег...

Землялюб, працалюб, не прыстану ўглядацца,

Век вялікіх здзяйсненняў, у вочы табе!

 

Адгукніцеся, хлопцы, хто жыў і хто выжыў,

Хто прайшоў рубяжы бліскавіц і грымот!

Многа вас палягло, як гавораць, пад крыжам,

Многа вас на пляцоўках вялікіх работ!

 

Той — сівы генерал, а другі — акадэмік,

Той — стары інжынер, той — складае тамы,

Той — канструктар, а той... Гэта ўсё наша племя,

Што ў дваццатых гадах проста звалася: «мы!»,

 

Што адолела ворагаў, голад і скрухі,

Што агонь і мядзяныя трубы прайшло,

Што ўсе сілы кладзе, каб вайны завірухі

Не дыхнулі смяротным сваім жаралом.

 

Вось чаму ў слове «дружба» такою празрыстай

Перад намі заўсёды ўстае навізна.

Наша мара,— каб мірных людзей таварыства

Больш не ведала чорнага слова «вайна!».

 

1958


1958