epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Маладосць

Памахала белаю хусцінкай,

У дарогу доўгую праводзячы...

Дзе ты, дзе, знаёмая мясцінка,

Дружбакі, таварышы і родзічы?

 

Павядуць гаворку колы з рэйкамі,

Пабягуць назад станіцы, станцыі,

Стане сонца высака над рэкамі,

Прыпадуць вятры да кручаў сланцавых.

 

Стэп шырокі вынікне знянацку,

Паплыве міраж у сінім марыве...

О, пара шчаслівага юнацтва

З непаўторнай сонечнаю мараю!..

 

Для яе зямля прыбрана ў шаты

У пахмурны дзень і зорнай поўначчу.

Камсамольцы ехалі на шахты

У нязнаны край суровай Поўначы.

 

Час праходзіць. Маладосць мужнее.

Надыходзіць восень з журавінамі.

Дажынаюць сноп апошні жнеі

Дзесь далёка за гарамі сінімі.

 

Дзесь далёка на праспектах Мінска

Ходзіць-бродзіць тая русакосая,

Што хлапцу ад самага дзяцінства

Стала самай лепшай і харошаю.

 

Асыпае верасень марошку,

Залаціцца стромкая лістоўніца.

Ходзіць хлопец засмучоны трошку —

Дарагою думкай сэрца поўніцца.

 

Прыйдзе час, і прыйдзе тваё шчасце,

Аб якім так многа марыў некалі!..

...Клець ляціць насустрач цёмнай шахце,

Ён праходзіць вулачкамі-штрэкамі.

 

Грукацяць па штрэках ваганеткі,

Угару бягуць па тэрыконіку,

Да нябёс растуць адвалы-сведкі,

Камсамольскіх спраў жывыя помнікі.

 

Вечар. Свята ў клубе. Дзень шахцёра.

Ён жа ў дружны круг зусім не рад ісці,

Бо не можа падзяліцца скора

Ён з табой сваёй высокай радасцю.

 

Прыязджай жа з першым параходам!

Раніцой асенняю празрыстаю

Будзе ён чакаць цябе на сходнях,

Будзе ён чакаць цябе на прыстані.

 

Ясны шлях. У светлыя азерцы

Паглядаюць стромкія лістоўніцы...

Гэта шчасце, калі сэрца з сэрцам

Дзень у дзень адною думкай поўніцца!

 

1950


1950