epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Мана

Як у змяі, ў маны язык даўжэзны

І ў джала на канцы схаваны яд.

Іржа раз’есці можа слуп жалезны,

Душу пратнуць наскрозь — маны змяя.

 

Яна заўжды пад маскаю пампезнай

Луской усмешкі бліскае здаля;

Яна, нібы жартуючы гарэзна,

Душу праесць наскрозь, як моль і тля.

 

Зняславіць ёй любога проста люба;

Даць словаблудству без замінак ход

Пачвары той, як патака на губы,

 

Пачвары той, нібы на сэрца мёд!

Ганіце прэч маны атрутнай згубу,

Страляйце, як сцярвятніка, у лёт!