epub
 
падключыць
слоўнікі

Алесь Звонак

Маналог абывацеля

От эпоха дык эпоха,

Не прысніш такую ў сне!

Цэны скачуць, нібы блохі —

Аж падскочыш як утне!

 

Я жыхар маёй сталіцы,

Я на пенсіі здаўна.

Гляну ў краме на паліцы —

Не скумекаць ні храна!

 

«Віскі», «джын», «напалеоны»,

«Снікерс», «брэндзі», «салямі»...

Разжывіся на мільёны —

Жвачку жуй і ў вус не дзьмі!

 

Каб уцяміць што за «брэндзі»,

Дзе тавар, а дзе дзярмо,

Трэба скончыць папярэдне

Інстытут замежных моў!

 

«Зайчанятак» сціснуў жменьку,

Ля прылаўка стаў «ва фрунт»:

— Гарнец бульбы мне, паненка,

Ды са шкуркай сала з фунт!..

 

Чую: ўся чарга рагоча,

Я ж не ўтумкаю чаму...

Ён «макдональдсу» не хоча,

«Гамбургер» не ўсмак яму...

 

Скрозь зямлю мне праваліцца

Тут было б у самы час —

Быў павалены тым блітцэм

Я ў натоўпу на вачах!

 

Ды ачухаўся ўсё ж неяк —

Ад варот даў паварот...

Не! Знайду я панацэю

Ад усіх сваіх бядот!

 

Я рашыў спытаць прэм’ера:

— Ваша светласць, адкажы,

Што рабіць пенсіянеру,

Як на мінімум пражыць?

 

Толькі дзе ты яго зловіш,

Пусціць хто на той парог?!

Ён у зоне той рублёвай

Троп шукае ў соснах трох.

 

Мы ж, як зайчыкі пад елкай,

У злашчаснай зоне той,

Павярнуць не можам стрэлку,

Каб знайсці кірунак свой.

 

Так мо трэба для разгону?

Толькі я вам так скажу:

Я баюся слова «зона»,

Як пачую — аж дрыжу!

 

Зона — дрот, сабакі, вышкі,

Баланда, барак, кандзей...

Забываць пачаў я крышку,

Што было, калі і дзе...

 

...А вясна не за гарамі,

Дзень расце як на дражджах.

Жыць вучыцца будзем самі

На свой розум, на свой страх!

 

Што к чаму я разбяруся,

Дзе з падказкаю, дзе сам.

«Будзем сеяць, беларусы!» —

Броўка некалі пісаў.

 

Згодзен. Ні бядзе, ні скрусе

Не спыніць вясны хаду —

Будзем сеяць, беларусы!

(Калі паліва дадуць!)

 

Прыпыніць бы тлум тых сесій,

Пакумекаць бы ладком,

Каб у лужыну не сесці

З пашарпаным тым рублём.

 

Мы да працы спрыт свой маем,

Хлеб чужы не лезе ў рот,

Зорак з неба не хапаем,

На зямлі зашмат турбот.

 

Пераб’ёмся. Толькі мала

Нешта стала бульбы ў нас,

Ды амаль не стала сала,

А без сала нам хана!

 

Што ж?! На цяжкасцях раслі мы,

Як трыпутнік ля дарог,

Паглыталі ўволю сліны

На той заўтрашні пірог!

 

Ззяла сонца камунізму

Ды за хмаркі заплыло,

Тых, аб ім хто палка трызніў,

Як асенні ліст змяло...

 

Хай гісторыкі раскажуць,

Дзе тут праўда, дзе мана,

Хто нам браму дзёгцем мажа,

Хто ў балота цягне нас.

 

Навукоўцы хай прасвецяць,

Ім праз лупу ўсё відно,

Варты хто чаго на свеце,

Дзе дабро, а дзе...

 

Скрозь — ці ў Менску, ці ў Бішкеку—

Той жа самы перапляс:

Рабацягу-чалавеку

Шыю муляе пятля.

 

Курам сніцца смак ячменю,

Згаладалым — калачы.

Нават мудры Авіцэна

Нас дасюль не навучыў,

Як суняць вар’яцтва цэнаў,

Чым пусты кіндзюк лячыць?!

 

Не такія ж мы няўмельцы.

Як ты там не маракуй,—

Зайчык сам у пастку пнецца...

Хоць зязюляй закукуй,

Хоць ты талеры друкуй!

 

...Вось такія бугі-вугі —

Сплаў пакорства і маны!

Дык падцягвайма папругі,

Дык падкасвайма штаны!

 

На такой каларатуры

Я й спыню свой сумны сказ.

Што тут сказана — з натуры

Я спісаў, сябры, для вас!

 

1993


1993